Пантыфік пра прыклад заснавальніка сальватарыянаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Вітаю пілігрымаў з розных краін, якія ўчора, у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране, бралі ўдзел у беатыфікацыі кс. Францішка Марыі ад Крыжа, заснавальніка сальватарыянаў і сальватарыянак”, - сказаў Папа пасля малітвы Уладарка Неба на плошчы св. Пятра 16 мая 2021 г.
Пантыфік заўважыў, што новы благаслаўлёны быў “нястомным прапаведнікам Евангелля, выкарыстоўваючы ўсе сродкі, на якія яго натхняла міласэрная любоў Хрыста”. “Няхай яго апостальскі запал будзе прыкладам і кіраўніцтвам для ўсіх у Касцёле, хто пакліканы несці слова і любоў Езуса ў кожнае асяроддзе”, - пажадаў Святы Айцец.
Францішак Марыя ад Крыжа (свецкае імя Ёган Батыста Ёрдан) нарадзіўся ў 1848 г. у Германіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1878 г. Праз тры гады заснаваў у Рыме Апостальскае Таварыства Настаўніка, якое ў 1882 г. пераўтварылася ў манаскую супольнасць Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне). У 1888 г. пры ўдзеле бл. Марыі ад Апосталаў заснаваў яе жаночую галіну – кангрэгацыю Сясцёр Боскага Збаўцы (сальватарыянкі). Памёр у 1918 г. у Германіі. У 1956 г. яго парэшткі былі перавезены ў Генеральны дом Таварыства Божага Збаўцы ў Рыме. У 1975 г. была заснавана Міжнародная Супольнасць Божага Збаўцы – свецкая галіна духоўных паслядоўнікаў кс. Ёрдана.
У Беларусі сальватарыяне працуюць толькі ў Віцебскай дыяцэзіі – у Браславе, Урбанах, Слабодцы і Віцебску.