Бл. Марыя Пілар Гульён Ітурыяга Бл. Марыя Пілар Гульён Ітурыяга 

Францішак пра сведчанне новых благаслаўлёных мучаніц з Іспаніі

Францішак нагадаў пра сведчанне трох медсясцёр Чырвонага крыжа, забітых з нянавісці да веры падчас антырэлігійнага пераследу ў перыяд Грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Учора ў Асторзе, у Іспаніі, былі беатыфікаваны Марыя Пілар Гульён Ітурыяга, Актавія Іглесіяс Бланка і Вольга Перэс-Монтэсерын Нуньес. Гэтыя тры мужныя свецкія верніцы, наследуючы Добрага Самараніна, прысвяцілі сябе клопату пра раненых на поле бою, не пакінуўшы іх нават у час небяспекі, і былі забіты з нянавісці да веры. Праславім Пана за іх евангельскае сведчанне”, - сказаў Папа пасля малітвы Анёл Панскі, якая 30 мая 2021 г прайшла ў Ватыкане.

25-гадовая Марыя Пілар Гульён Ітурыяга, 41-гадовая Актавія Іглесіяс Бланка і 23-гадовая Вольга Перэс Монтэсерын Нуньес былі расстраляны 28 кастрычніка 1936 г. у Пола-Дэ-Саміеда ў правінцыі Астурыя на поўначы Іспаніі.

Жанчыны былі пабожнымі каталічкамі і прымалі актыўны ўдзел у жыцці Касцёла. Калі пачалася грамадзянская вайна, яны запісаліся на курсы медсясцёр, арганізаваныя Чырвоным крыжам. Працавалі ў невялікім шпіталі, дзе дапамога аказвалася параненым з абодвух бакоў канфлікту. Ніколі не сеялі варожасць і нянавісць, імкнуліся з любоўю клапаціцца пра ўсіх, хто пакутаваў і знаходзіўся ў патрэбе. У ноч з 26 на 27 кастрычніка 1936 г. тэрыторыя, на якой знаходзіўся шпіталь, была захоплена рэспубліканцамі. Медсёстры вырашылі застацца побач з параненымі, хоць разумелі, што гэта было небяспечна. І сапраўды, камуністы адразу расстралялі ўсіх салдат, якія былі ў шпіталі.

Трох жанчын арыштавалі, нягледзячы на іх прыналежнасць да Чырвонага крыжа. Лютасць баевікоў выклікалі рэлігійныя сімвалы, якія мелі медсёстры. Ад жанчын патрабавалі адрачыся ад хрысціянскай веры, а калі тыя адмовіліся іх пачалі катаваць і гвалціць. На наступны дзень іх пазбавілі вопраткі і разам з некаторымі палоннымі прывялі на месца экзекуцыі за горадам. Мужчын расстралялі першымі. Медсясцёр прымушалі крычаць камуністычныя лозунгі, але яны ўсклікнулі толькі “Няхай жыве Хрыстус Валадар!” і “Няхай жыве Іспанія!”, пасля чаго таксама былі расстраляны.

Слава пра мучаніцтва трох адважных медсясцёр хутка распаўсюдзілася ў Касцёле. У 1938 г. целы жанчын былі эксгумаваны і перапахаваны ў катэдральным касцёле ў Асторзе. У 2005 г. распачаўся іх беатыфікацыйны працэс, а 11 чэрвеня 2019 г. Францішак ухваліў дэкрэт, згодна з якім яны былі прызнаны мучаніцамі, забітымі з нянавісці да веры.
 

30 мая 2021, 14:55