Пантыфік: мне балюча бачыць як святары благаслаўляюць зброю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Калі ў мяне пытаюцца пра стан палітыкі ў свеце, я кажу: паглядзіце, там дзе ёсць войны, там адбылася параза палітыкі. Палітыка, няздольная весці дыялог, каб пазбегнуць вайны – гэта параза, гэта яе канец”, - падкрэсліў Пантыфік 20 мая 2021 г., падчас візіту ў рымскую штаб-кватэру Папскага фонду Scholas Occurentes, якая знаходзіцца ў ватыканскім Палацы св. Калікста, у раёне Трастэвэрэ.
У размове з моладдзю Францішак прызнаўся, што лічыць “тэстам” на “прыстойнасць краіны” і на тое, ці з’яўляецца палітыка “найвышэйшай і найбольшай формы любові”, пытанне пра вайну і вытворчасць зброі.
“Тэстам для палітыкі з’яўляецца вайна, тэстам на прыстойнасць краіны для мяне з’яўляецца пытанне: ці вырабляеш зброю? Ці патакаеш войнам? Ці ствараеш свае багацці, гандлюючы зброяй, каб іншыя забівалі адзін аднаго? Па гэтым мы можам зразумець, ці з’яўляецца краіна здаровай з маральнага пункту гледжання”, - сказаў Францішак. “Мне балюча бачыць як святары благаслаўляюць зброю. Прылады смерці не павінны благаслаўляцца”, - дадаў ён.
Падчас візіту ў штаб-кватэру Scholas Occurentes Пантыфік сустрэўся з маладымі людзьмі з розных рэгіёнаў Італіі, якія ўдзельнічалі ў першым этапе праграмы, прысвечанай псіхічнаму здароўю падчас пандэміі. Яны падзяліліся сваім досведам у прысутнасці, між іншым, Патрыцыа Б’янкі, Міністра адукацыі Італіі, і прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя.
Затым Папа пагутарыў з ібера-амерыканскай моладдзю, якая распавяла пра мадрыдскую сустрэчу аб сумесных марах на шляху да лепшай будучыні, і спалучыўся праз інтэрнэт з навучэнцамі новых школ Фонду ў Сіднэі, Валенсіі і Вашынгтоне, а таксама з маладымі аргентынцамі з рэгіёна Эль Імпэнэтрабле на раўніне Гран-Чака, удзельнікамі новай праграмы прафілактыкі залежнасці.