Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: няхай Дух Святы перамяняе нас, каб мы маглі змяніць свет

Хрысціяне павінны разам несці мір, быць сведкамі Божай любові, якую выліў у наша сэрца Дух Святы, - заўважыў Папа ў відэазвароце на заканчэнне Міжнароднага экуменічнага чування.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Малітва адбывалася 22 мая 2021 г. у англіканскім храме Іерусаліма. Адным з арганізатараў выступіў CHARIS – каардынуючы орган харызматычных рухаў у Каталіцкім Касцёле.

Святы Айцец спаслаўся на апісанне жыцця ранняга Касцёла, на яго адзінства ў любові. Сёння гэта не так, - з жалем адзначыў ён. “Мы падзяліліся, мы разбілі на тысячу кавалкаў тое, што Бог стварыў з такой любоўю, запалам і пяшчотай. Мы ўсе павінны прасіць прабачэння ў Айца за кожнага з нас, і мы таксама павінны прабачаць адно аднаго. Калі хрысціянская еднасць ва ўзаемнай любові заўсёды была неабходнай, то сёння гэта як ніколі актуальна”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што сённяшні свет пакутуе не толькі ад пошасці каронавіруса, але і ад эгаізму і прагнасці, якія робяць бедных бяднейшымі, а багатых багацейшымі. Ён заклікаў хрысціян “выйсці ў свет, каб рэалізаваць і сведчыць запал першай хрысціянскай супольнасці”: “Няхай Дух Святы перамяняе нас, каб мы маглі змяніць свет”, - звярнуўся Францішак.

Папа нагадаў, што Бог верны, Ён ніколі не здраджвае сваім абяцанням, і завяршыў сваё пасланне словамі прарока Ісаі (2, 2-4): “І станецца ў апошнія дні, што гара дому Пана будзе пастаўлена на вяршыні гораў і ўзвысіцца па-над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе плямёны. І пойдуць многія народы і скажуць: Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана ў дом Бога Якубава, і навучыць Ён нас сваім шляхам, і мы пойдзем Ягонымі сцежкамі. Бо з Сіёну выйдзе Закон, і слова Пана з Ерузалема. І будзе Ён судзіць плямёны, і асудзіць многія народы; і перакуюць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; не ўздыме народ на народ мяча, і не будуць больш вучыцца ваяваць”.
 

23 мая 2021, 11:18