Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа напісаў прадмову да кнігі свайго былога духоўнага кіраўніка

Папа напісаў прадмову да кнігі “Шукаць і знайсці волю Бога” (Cercare e trovare la volontà di Dio). Аўтарам выдання з’яўляецца аргентынскі езуіт, кс. Мігель Анхель Ф’ёрыта, яго былы духоўны кіраўнік.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Кніга, упершыню выдадзеная на італьянскай мове, уяўляе сабой практычны дапаможнік па Духоўных практыкаваннях св. Ігнацыя Лаёлы. Пантыфік назваў яе “сапраўднай скарбніцай”, якая дапамагае ўвайсці ў сутнасць практыкаванняў, распрацаваных заснавальнікам Таварыства Езуса.

Францішак заўважыў, што праца кс. Мігеля Анхеля Ф’ёрыта была карыснай асабіста для яго і можа стаць такой для іншых людзей. Ён таксама адзначыў, што яна напісана ў “інтэрактыўным” ключы.

Кс. Мігель Ф’ёрыта двойчы падкрэсліваў, што яго кніга можа дапамагчы толькі “да пэўнай ступені”. Гэта асэнсаванне і прыняцце ўласных абмежаванняў кажа нам пра тое, наколькі глыбокімі былі ў ім павага і давер да свабоды чалавека, - зазначыў Святы Айцец.

Паводле Папы, мэта аўтара выдання заключаецца ў тым, каб іншы чалавек, будучы свабодным, мог сам дапамагчы сабе на шляху духоўнага жыцця. “Духоўная дапамога – гэта дапамога свабодзе”, - сцвердзіў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што асновай для кнігі сталі маленькія карткі з духоўнымі парадамі, цытатамі і каментарамі, якія складаў аргентынскі езуіт. “Тое, што Ф’ёрыта называў “духоўнымі карткамі” – гэта арыгінальны і самабытны літаратурны жанр”, - зазначыў Францішак. Спадчыну езуіта ён назваў “плёнам доўгай сузіральнай і праніклівай працы”, дзякуючы якой чалавек можа кожны дзень атрымліваць невялікае разважанне ў рамках духоўных практыкаванняў.

Францішак заклікаў чытачоў выкарыстоўваць дапаможнік менавіта “ў тым духу і дынаміцы, у якой ён быў напісаны”, каб “знайсці волю Бога праз рэформу ўласнага жыцця”.

“Прыняць новую форму: адпавядаць новаму, гэта значыць таму, што мае жыццё, што адпавядае стылю, крытэрыям і выбару Бога. Рэформа не мае функцыянальнага характару, не накіравана на самаўдасканаленне, а хутчэй накіравана на выкананне місіі”, - дадаў Папа.

“Калі паглядзім на прыклад св. Пятра, убачым, што кожны раз калі ён вызнаваў сябе грэшнікам, Пан неадкладна клікаў яго ісці за сабой, удасканальваючы яго не ва ўсім, але ў тым, што было неабходна, каб стаць лаўцом людзей і пасвіць Яго авечак. Пан не прасіў Пятра выправіць усе хібы, якія той цягнуў з мінулага жыцця, але запрашаў яго пераадолець сябе, каб абвяшчаць Евангелле…”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў словы кс. Ф’ёрыта пра тое, што мэта духоўных праектыкаванняў заключаецца ў духоўным пазнанні – праз распазнанне – “Божай волі адносна таго, што тычыцца нашага духоўнага жыцця”.

 

10 мая 2021, 12:31