Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да моладзі: не бойцеся сведчыць Божую пяшчоту сярод эгаізму

“Радасна бачыць, што і сёння многія людзі, поўныя веры, добрай волі і мужнасці, імкнуцца жыць досведам служэння і братэрства”, - заклікаў Пантыфік прадстаўнікоў Асацыяцыі Lazare.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак заахвоціў маладых людзей прытрымлівацца простых прынцыпаў: быць сабой з іншымі, шукаць радасць, адчуваць любоў, вучыцца дабрыні, весці просты лад жыцця. “Гэтыя прынцыпы маюць сэнс і фарміруюць стабільную групу толькі ў тым выпадку, калі вынікаюць з моцнага сяброўства з Хрыстом”, - адзначыў Папа ў тэксце прамовы, якую ўручыў сваім гасцям 21 мая 2021 г. у Ватыкане.

“Паважаныя маладыя людзі, вы вырашылі паставіць сябе на службу чалавечай годнасці (...). Служачы іншым, вы служыце самому Пану. Сваім апостальствам вы дапамагаеце зразумець, што кожны чалавек – гэта святая гісторыя, бясцэнны дар. (...) У гэтыя часы нявызначанасці, крохкасці, замест таго, каб марнаваць жыццё, думаючы толькі пра сябе, вы здабываеце салідарны досвед сумеснага жыцця”, - напісаў Папа.

Францішак нагадаў, што “любоў да бліжняга рэалістычная і не марнуе ніводнага сродка, каб наблізіць гістарычныя змены, якія могуць прынесці карысць бедным і абяздоленым” (Fratelli tutti, 165).

Папа заклікаў маладых валанцёраў не баяцца “быць сведкамі Божай пяшчоты сярод культуры эгаізму, індывідуалізму, абыякавасці, непрыняцця, пагарды да бедных і слабых”, аддаваць з сябе лепшае, пражываць кожную хвіліну як ласку, заставацца вернымі сваім мэтам, напаўняць свет і грамадства братэрствам.

Lazare – гэта французская асацыяцыя, якая прапануе бяздомным дах над галавой. У 6-10-асабовых кватэрах разам селяцца людзі, якія раней жылі на вуліцы, і маладыя актыўныя валанцёры. Сёлета ініцыятыва адзначае 10-годдзе сваёй дзейнасці.
 

21 мая 2021, 14:17