Папа правёў перамовы з Прэзідэнтам Турцыі і іранскім міністрам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы абнародавала паведамленне, у якім пацвердзіла, што Францішак правёў тэлефонную размову з Прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам. Пра змест перамоў не паведамляецца. Акрамя таго, Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Міністра замежных спраў Ірана Махамада Джавада Зарыфа.
Пасля малітвы Уладарка Неба 16 мая 2021 г. Францішак прызнаўся, што з глыбокай заклапочанасцю сочым за тым, што адбываецца ў Святой Зямлі. Ён папярэдзіў, што ўзброеныя сутыкненні рызыкуюць ператварыцца ў спіраль смерці і разбурэнняў. Папа назваў жудасным і непрымальным той факт, што сярод ахвяр канфлікту ёсць дзеці і назваў гэта знакам адсутнасці жадання будаваць будучыню. “Я пытаюся: куды прывядуць нянавісць і помста? Ці мы сапраўды разлічваем пабудаваць мір, забіваючы іншых?”, - пытаўся Пантыфік, заклічаючы “спыніць грукат зброі і ісці шляхамі міру, у тым ліку з дапамогай міжнароднай супольнасці”.