Папа: з канцом Года Laudato si’ не спыняць экалагічныя намаганні
“Сёння завяршаецца Год Laudato si’, дзякуй усім, хто ўдзельнічаў у шматлікіх ініцыятывах па ўсім свеце. Гэта шлях, якім мы павінны ісці разам, слухаючы крык зямлі і бедных”, - напісаў Папа 24 мая 2021 г. у сваім Twitter.
Laudato si' – гэта другая энцыкліка Францішка, апублікаваная 18 чэрвеня 2015 г. і прысвечаная, між іншым, праблемам экалогіі і абароне навакольнага асяроддзя.
З нагоды завяршэння адмысловага Года, прысвечанага ў Касцёле абароне стварэння, кардынал Луіс Антоніа Тагле ўзначаліў малітоўную сустрэчу ў генеральным доме францішканаў у Рыме. Ён нагадаў, што клопат пра агульны дом з'яўляецца часткай місіі Касцёла і што кожны вернік, разам з атрыманнем Духа Святога, абавязаны рэалізаваць гэта.
У сваю чаргу кс. Аўгуста Дзампіні, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, адзначыў, што Евангелле абавязвае хрысціян абараняць стварэнне і клапаціцца пра бедных. Да гэтага асабліва закліканы аніматары Глабальнага каталіцкага руху за навакольнае асяроддзе, якім Папа падчас апошняй малітвы Regina Caeli даручыў абвяшчэнне Евангелля Стварэння.
“Евангелле Стварэння звязана з адкрытым Касцёлам, які клапоціцца пра наш агульны дом і пра іншых людзей у любым месцы на зямлі. Прыгажосць гэтай місіі заключаецца менавіта ў тым, каб сведчыць клопат пра стварэнне і пра братоў у любым месцы і ў любых умовах” - адзначыў кс. Дзампіні.
На думку ватыканскага эксперта, гэта таксама звязана з неабходнымі зменамі ў сусветнай эканоміцы, якая, як кажа Папа, хварэе, бо выклікае няроўнасць, сацыяльныя хваробы, канфлікты і разбурае стварэнне.
“Laudato si' – не толькі дакумент для чытання, але і дапаможнік для дзеяння. Ініцыятывы павінны быць рэалізаваны хутка, паколькі планета больш не можа цярпець знішчэння. Змяніць наш лад жыцця недастаткова. Існуе таксама неабходнасць у аднаўленні эканамічных структур, якія хварэюць і маюць патрэбу ў рэформах”, - патлумачыў падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.