Францішак на пасяджэні італьянскага епіскапату Францішак на пасяджэні італьянскага епіскапату 

Папа заклікаў італьянскіх біскупаў ініцыяваць сінадальны шлях

З нагоды 74-й Генеральнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі (CEI) Францішак заклікаў біскупаў выбраць сінадальны шлях у сваёй дзейнасці і душпастырскай працы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй прамове да іерархаў Папа некалькі разоў узгадаў 5-ю Нацыянальную касцёльную сустрэчу, якая праходзіла ў Фларэнцыі 9-13 лістапада 2015 г.

"Святло сыходзіць з вучэння Касцёла, але яно ідзе і з Фларэнцыі, гэта ваша спадчына, якая павінна асвятляць цяперашні момант і народ Божы знізу ўверх: ад самай маленькай парафіі, найменшай дыяцэзіяльнай установы" - падкрэсліў Пантыфік.

Таксама Сінод Біскупаў, які адкрыецца ў кастрычніку, на думку Францішка, трэба пачынаць знізу ўверх. Для гэтага спатрэбіцца цярпенне, праца, размовы з людзьмі, бо Сінод – гэта паўната ўсяго народу Божага, "беспамылковага ў веры". “Але гэтая вера павінна перадавацца дакладна", - звярнуў увагу Святы Айцец.

Папа падняў і іншую тэму – дзейнасць касцёльных судоў пасля рэформы нарматыўных прававых актаў аб прызнанні сужэнства несапраўдным. Ён выказаў задавальненне развіццём сітуацыі ў гэтым плане.

У канцы сваёй імправізаванай прамовы Францішак закрануў яшчэ адно пытанне – адукацыю і выхаванне будучых святароў. Ён назваў "вялікай пагрозай" памылкі ў фармацыі, эфектыўнасці і місіі семінарыстаў. Ён узгадаў ліст прэфекта Кангрэгацыі па справах духавенства, кардынала Бэніяміна Стэлы, у якім гучыць занепакоенасць станам святарскай фармацыі.
 

26 мая 2021, 10:39