Папская Імша ў інтэнцыі М'янмы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэта жэст блізкасці да краіны, якая вось ужо тры месяцы перажывае грамадскія пратэсты пасля ваеннага перавароту ў лютым. Армія крывава душыць усе праявы нязгоды, 750 чалавек забітыя, сярод іх – дзеці. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый асудзіла дзяржаўны пераварот і заклікала да дыялогу, захавання правоў чалавека і спынення насілля з боку ваеннай хунты.
У гэтай сітуацыі група святароў і манахінь з М'янмы, якія пражываюць у Рыме, звярнулася з лістом з просьбай аб Імшы з Францішкам, які наведаў краіну ў 2017 г. Яны выказалі перакананне, што іх "супольнасць спазнае суцяшэнне", калі зможа памаліцца разам з Папам за вырашэнне сітуацыі на Радзіме.
Бірманская каталіцкая супольнасць у Вечным горадзе складаецца з больш чым 50 святароў і кансэкраваных асоб, якія вучацца ў папскіх ВНУ. Яшчэ каля 100 чалавек духавенства і свецкіх вернікаў пражываюць і працуюць на тэрыторыі ўсёй Італіі.