Бірманцы падчас нядзельнай марыйнай малітвы ў Ватыкане Бірманцы падчас нядзельнай марыйнай малітвы ў Ватыкане 

Папская Імша ў інтэнцыі М'янмы

Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу ў інтэнцыі М'янмы. У літургіі, якая адбудзецца 16 мая 2021 г., ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у базыліцы св. Пятра возьме ўдзел бірманская супольнасць Рыма.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта жэст блізкасці да краіны, якая вось ужо тры месяцы перажывае грамадскія пратэсты пасля ваеннага перавароту ў лютым. Армія крывава душыць усе праявы нязгоды, 750 чалавек забітыя, сярод іх – дзеці. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый асудзіла дзяржаўны пераварот і заклікала да дыялогу, захавання правоў чалавека і спынення насілля з боку ваеннай хунты.

У гэтай сітуацыі група святароў і манахінь з М'янмы, якія пражываюць у Рыме, звярнулася з лістом з просьбай аб Імшы з Францішкам, які наведаў краіну ў 2017 г. Яны выказалі перакананне, што іх "супольнасць спазнае суцяшэнне", калі зможа памаліцца разам з Папам за вырашэнне сітуацыі на Радзіме.

Бірманская каталіцкая супольнасць у Вечным горадзе складаецца з больш чым 50 святароў і кансэкраваных асоб, якія вучацца ў папскіх ВНУ. Яшчэ каля 100 чалавек духавенства і свецкіх вернікаў пражываюць і працуюць на тэрыторыі ўсёй Італіі.
 

04 мая 2021, 10:32