Пасланне Францішка на Ігнацыянскі год
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Святы Айцец заўважыў, што навяртанне – справа, якая рэалізуецца штодзённа. Яна рэдка мае месца раз і назаўсёды. Навяртанне св. Ігнацыя пачалося ў Памплоне, але на гэтым не скончылася.
“Ён навяртаўся ўсё жыццё, дзень за днём: ён усё жыццё ставіў Хрыста ў цэнтры. Рабіў гэта праз праніклівасць, якая заключаецца не ў імгненным і пастаянным поспеху, а ў навігацыі і наяўнасці компаса для таго, каб выйсці ў шлях. На ім шмат паваротаў, але важна, каб мы кіраваліся Духам Святым, Які вядзе да сустрэчы з Панам”, - падкрэсліў Францішак.
Папа заўважыў, што наша навяртанне часта звязана з сустрэчай з іншымі. Яны дапамагаюць нам ісці па шляху і пастаянна навяртацца.
“Давайце слухаць іншых. Давайце чытаць сітуацыі. Мы самі таксама з’яўляемся знакамі, якія паказваюць іншым Божы шлях. Навяртанне заўсёды адбываецца ў дыялогу, у дыялогу з Богам, у дыялогу з іншымі, у дыялогу са светам", - звярнуў увагу Святы Айцец.
Папа запэўніў у малітве за ўсіх, хто натхняецца ігнацыянскай духоўнасцю, каб здзейснілі падарожжа Юбілейнага года разам як ігнацыянская сям'я, каб многія іншыя адкрылі для сябе багацце духоўнасці, якую Бог даў Касцёлу праз св. Ігнацыя Лаёлу.