Святы Айцец прыняў Прэзідэнта Швейцарыі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
6 мая 2021 г., у дзень урачыстай прысягі новых папскіх гвардзейцаў, Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Швейцарыі Гі Пармэлена. Затым палітык сустрэўся з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з Дзяржавамі.
Падчас шчырых перамоў узгадвалася шчодрае служэнне Папскай швейцарскай гвардыі, а таксама звярталася ўвага на добрыя двухбаковыя стасункі і плённае супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Швейцарскай Канфедэрацыяй.
“У кантэксце нядаўняга 100-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін пацвярджалася жаданне ўмацавання супрацоўніцтва па асноўных міжнародных пытаннях і ў сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.