Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Святы Айцец заахвоціў да падтрымкі культурнай разнастайнасці

Папа прымеркаваў свой твіт да Сусветнага дня культурнай разнастайнасці ў імя дыялогу і развіцця, які адзначаецца 21 мая пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мы можам шукаць ісціну разам у дыялогу, у спакойнай размове або ў гарачай дыскусіі. Гэта шлях, які патрабуе настойлівасці, цягне за сабой хвіліны маўчання, каб цярпліва прымаць шматлікія перажыванні людзей і культурную разнастайнасць народаў”, - напісаў Францішак 21 мая 2021 г. у Twitter.

На сваёй афіцыйнай старонцы ААН адзначае вялікае ўздзеянне COVID-19 на сферу культуры. Пандэмія агаліла ўразлівасць творчай індустрыі. Спыненне эканамічнай актыўнасці ва ўсім свеце наўпрост паўплывала на жыццё работнікаў культуры. Былі адменены культурныя мерапрыемствы, не працавалі ўстановы культуры.

Але з іншага боку, заўважае Арганізацыя, у перыяд сацыяльнага дыстанцыявання мільярды людзей звярнуліся да культуры. Актыўна ствараўся кантэнт у інтэрнэце, адбываўся істотны рост віртуальных наведванняў музеяў і галерэй, з дапамогай сацсетак праводзіліся віртуальныя культурныя мерапрыемствы.

Сур'ёзныя крызісы на працягу гісторыі часта прыводзілі да адраджэння культуры і з'яўлення новых форм творчасці, гэтак важных для грамадскага прагрэсу, - гаворыцца на афіцыйнай старонцы ААН.
 

21 мая 2021, 12:27