Святы Айцец: любоў і радасць – плёны прабывання з Езусам
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Выкарыстоўваючы ключавы дзеяслоў “заставацца”, Езус тлумачыць які плён прыносяць тыя, хто застаецца ў еднасці з Ім: гэтым плёнам з’яўляецца любоў. “Езус заклікае нас заставацца ў Яго любові, каб Яго радасць была ў нас, і каб была поўнай”, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба, якая 9 мая 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.
Пантыфік патлумачыў, што любоў Езуса паходзіць ад Айца, таму што “Бог ёсць любоў” (1 Ян 4,8). Гэта любоў нібыта рака, якая цячэ ў Яго Сыне Езусе і праз Яго дасягае нас, Божых стварэнняў.
Францішак падкрэсліў, што любіць так, як любіць Езус, значыць служыць братам, як чыніў Ён, абмываючы ногі вучням. “Гэта значыць перамагаць саміх сябе, адарвацца ад уласных людскіх забеспячэнняў, ад мірскога камфорту, каб адкрывацца на іншых, асабліва на тых, хто мае ў гэтым найбольшую патрэбу. Гэта значыць даваць сябе ў распараджэнне, з усім тым, чым з’яўляемся, і ўсім, што маем. Гэта значыць любіць не на словах, а ва ўчынках”, - сказаў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што любіць так, як любіць Езус, значыць казаць “не” любові да грошай, поспеху і ўлады… “Гэтыя падманлівыя шляхі аддаляюць нас ад любові Пана і робяць усё больш і больш эгаістычнымі, нарцыстычнымі і нахабнымі. А нахабнасць вядзе да дэгенерацыі любові, злоўжывання іншымі, прычынення пакут асобе, якую любім. Я думаю пра хворую любоў, якая ператвараецца ў насілле, пра тое колькі жанчын з’яўляюцца яго ахвярамі ў нашыя дні. Гэта не любоў”, - дадаў Францішак.
Святы Айцец заўважыў, што прабыванне ў любові Пана вядзе да паўнаты радасці. “Радасць, якая вынікае з усведамлення таго, што Бог любіць нас нягледзячы на нашу нявернасць, дапамагае нам з верай пераадольваць жыццёвыя выпрабаванні, дапамагае пераадольваць крызісы, каб выходзіць з іх лепшымі. Менавіта ў жыцці гэтай радасцю заключаецца наша быццё сапраўднымі сведкамі, бо радасць – адметны знак хрысціяніна. Сапраўдны хрысціянін – не смутны, заўсёды мае ўнутры гэту радасць, нават у самыя кепскія моманты”, - сказаў Святы Айцец.
На завяршэнне разважання Папа заклікаў прасіць Панну Марыю, каб дапамагла “заставацца ў любові Езуса і ўзрастаць у любові да ўсіх, даючы сведчанне радасці ўваскрослага Пана”