Пантыфік пра асаблівасці служэння і духоўнасці сталых дыяканаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што яшчэ нядаўна дыяканат разглядаўся як пераходны этап на шляху да святарства, але цяпер зноў набывае сваё месца і спецыфіку у якасці “асаблівай і сталай ступені іерархіі” (Lumen Gentium, 29). Гэта дапамагае пераадолець “біч клерыкалізму, які ставіць касту святароў “вышэй“ Божага народу”.
Папа нагадаў, што ў Касцёле павінна пераважаць “логіка пакорнага прыніжэння”, бо і Езус прынізіў сябе. Для вучняў Хрыста любіць – значыць служыць, а служыць – значыць валадарыць. “Улада заключаецца менавіта ў служэнні, а не ў чымсьці іншым”, - сказаў Пантыфік.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што скарачэнне колькасці святароў прывяло да выканання пастаяннымі дыяканамі многіх іх функцый, якія, пры ўсёй сваёй важнасці, “не складаюць спецыфікі дыяканату”. Дыяканы павінны ў першую чаргу займацца справамі міласэрнасці і кіравання. Папа нагадаў, што ў першыя стагоддзі Касцёла, менавіта дыяканы, ад імя і па даручэнні біскупа, клапаціліся пра патрэбы вернікаў, асабліва бедных і хворых. “Мы таксама можам чэрпаць з вытокаў Касцёла Рыма”, - падкрэсліў Папа.
Францішак пажадаў, каб пастаянныя дыяканы не ператвараліся ў “святароў напалову” ці “элітарных міністрантаў”, але былі клапатлівымі служыцелямі, каб “ніхто не быў адрынуты, і каб любоў Пана канкрэтным чынам дакраналася да жыцця людзей”.
Духоўнасць служэння пастаянных дыяканаў, па словах Папы, заключаецца ў “даступнасці ўнутры і адкрытасці звонку”: у даступнасці сэрца, гатовага сказаць “так”, паслухмянага і альтруістычнага; і ў адкрытасці позірку, скіраванага да ўсіх, асабліва да тых, хто застаўся ў баку і адчувае сябе адрынутым.
Францішак падкрэсліў, што чакае ад пастаянных дыяканаў Рымскай дыяцэзіі пакоры ў служэнні, узорнасці ў сужэнстве і бацькоўстве, а таксама дапамогі для хрысціянскай супольнасці ў распазнанні Езуса ў бедных і галодных, якія стукаюць у нашы дзверы.