Папа падчас сустрэчы са сталымі дыяканамі і членамі іх сем'яў Папа падчас сустрэчы са сталымі дыяканамі і членамі іх сем'яў 

Пантыфік пра асаблівасці служэння і духоўнасці сталых дыяканаў

19 чэрвеня 2021 г. Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане сталых, або пастаянных, дыяканаў Рымскай дыяцэзіі, заклікаючы іх да альтруістычнага служэння, узорнага сужэнскага і бацькоўскага жыцця.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што яшчэ нядаўна дыяканат разглядаўся як пераходны этап на шляху да святарства, але цяпер зноў набывае сваё месца і спецыфіку у якасці “асаблівай і сталай ступені іерархіі” (Lumen Gentium, 29). Гэта дапамагае пераадолець “біч клерыкалізму, які ставіць касту святароў “вышэй“ Божага народу”.

Папа нагадаў, што ў Касцёле павінна пераважаць “логіка пакорнага прыніжэння”, бо і Езус прынізіў сябе. Для вучняў Хрыста любіць – значыць служыць, а служыць – значыць валадарыць. “Улада заключаецца менавіта ў служэнні, а не ў чымсьці іншым”, - сказаў Пантыфік.

Дыяканат “вядзе да цэнтра таямніцы Касцёла”, бо Касцёл павінен быць не толькі “сінадальным” і “місійным”, але таксама “дыяканскім”, жыць вымярэннем служэння, мець сэрца, якое палае любоўю ў пакорным служэнні і нясенні блізкасці Бога людзям.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што скарачэнне колькасці святароў прывяло да выканання пастаяннымі дыяканамі многіх іх функцый, якія, пры ўсёй сваёй важнасці, “не складаюць спецыфікі дыяканату”. Дыяканы павінны ў першую чаргу займацца справамі міласэрнасці і кіравання. Папа нагадаў, што ў першыя стагоддзі Касцёла, менавіта дыяканы, ад імя і па даручэнні біскупа, клапаціліся пра патрэбы вернікаў, асабліва бедных і хворых. “Мы таксама можам чэрпаць з вытокаў Касцёла Рыма”, - падкрэсліў Папа.

Францішак пажадаў, каб пастаянныя дыяканы не ператвараліся ў “святароў напалову” ці “элітарных міністрантаў”, але былі клапатлівымі служыцелямі, каб “ніхто не быў адрынуты, і каб любоў Пана канкрэтным чынам дакраналася да жыцця людзей”.

Духоўнасць служэння пастаянных дыяканаў, па словах Папы, заключаецца ў “даступнасці ўнутры і адкрытасці звонку”: у даступнасці сэрца, гатовага сказаць “так”, паслухмянага і альтруістычнага; і ў адкрытасці позірку, скіраванага да ўсіх, асабліва да тых, хто застаўся ў баку і адчувае сябе адрынутым.

Францішак падкрэсліў, што чакае ад пастаянных дыяканаў Рымскай дыяцэзіі пакоры ў служэнні, узорнасці ў сужэнстве і бацькоўстве, а таксама дапамогі для хрысціянскай супольнасці ў распазнанні Езуса ў бедных і галодных, якія стукаюць у нашы дзверы.
 

19 чэрвеня 2021, 15:08