Падчас сустрэчы з дабрачынцамі ROACO Падчас сустрэчы з дабрачынцамі ROACO 

Папа да дабрачынцаў ROACO: спачатку рэканструяваць жывы Касцёл

Сваю занепакоенасць сітуацыяй на Блізкім Усходзе Францішак выказаў падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння ROACO – Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа задаволены тым, што сустрэча праходзіць у фармаце афлайн: “гэта надае ўпэўненасці і спрыяе працы”, “паляпшае дыялог слоў і думак, дапамагае чуць пытанні і крык, якія даносяцца з многіх частак свету”. Францішак прызнаўся, што менавіта з улікам усіх гэтых фактараў ён адправіўся некалькі месяцаў таму ў Ірак.

Пантыфік падзякаваў дабрачынцам за падтрымку Лівана падчас сур'ёзнага крызісу, у якім апынулася краіна, і папрасіў маліцца за поспех сустрэчы, якая 1 ліпеня 2021 г. пройдзе з удзелам ліванскіх каталіцкіх лідараў у Ватыкане.

“Праз вас я хачу падзякаваць усім людзям, якія падтрымліваюць вашы праекты і якія робяць іх магчымымі: гэта часта простыя вернікі, сем'і, парафіяне, валанцёры..., якія ведаюць, што мы "ўсе браты", - звярнуўся Святы Айцец.

Папа заклікаў да большай шчодрасці на карысць Святой Зямлі і “канкрэтнай салідарнасці з мясцовым насельніцтвам”. “Я аднаўляю зварот да ўсіх нанова адкрыць для сябе важнасць гэтага напрамку дабрачыннай дзейнасці”, - сказаў Францішак. Ён прызнаўся, што марыць, каб каўчэг міру, дадзены Богам Ною, стаў знакам запавету паміж жыхарамі Ізраіля і Палестыны. Занадта часта гэта неба зрэзваюць бомбы, якія прыносяць разбурэнне, смерць і страх.

“Крык, які ўздымаецца з Сірыі, заўсёды прысутнічае ў сэрцы Бога, але, здаецца, ён не закранае сэрцаў людзей, у руках якіх лёс народаў”, - звярнуў увагу Пантыфік на краіну, дзе дзесяць гадоў працягваецца канфлікт.

Святы Айцец падзякаваў за прысутнасць на сустрэчы папскіх дыпламатычных прадстаўнікоў у Сірыі, Ліване, Іраку, Эфіопіі, Арменіі і Грузіі. “Ваш стыль каштоўны, таму што дапамагае пастырам і вернікам засяродзіцца на тым, што неабходна, на тым, што патрэбна для абвяшчэння Евангелля (...). Часам даводзіцца рэканструяваць будынкі і храмы, у тым ліку разбураныя войнамі, але перш за ўсё трэба паклапаціцца пра жывыя камяні, параненыя і раскіданыя”, - заўважыў ён.

Папа прызнаўся, што з занепакоенасцю сочыць за сітуацыяй, якая ўзнікла ў выніку канфлікту ў рэгіёне Тыграй у Эфіопіі, з улікам таго, што яна ўплывае на суседнюю Эрытрэю. Ён звярнуў увагу на небяспеку з'явы, калі “адрозненні паміж этнічнымі групамі і барацьба за ўладу, якая вынікае з гэтага, убудоўваюцца ў сістэму”.

Завяршаючы прамову, Францішак падзякаваў дабрачынцам ROACO за належную ўвагу да Грузіі і Арменіі і за дапамогу мясцовым каталіцкім супольнасцям заставацца “знакам і закваскай евангельскага жыцця”.

Асамблея ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам была заснавана ў 1968 г. Яна аб’ядноўвае шматлікія дабрачынныя фонды, размяркоўваючы фінансавую падтрымку паміж каталіцкімі супольнасцямі ўсходняга абраду і спрыяючы такім чынам развіццю розных сфер іх дзейнасці: літургічнай, душпастырскай, адукацыйнай, сацыяльнай.
 

24 чэрвеня 2021, 12:52