Папа да хрысціян Блізкага Усходу: будзьце прарокамі братэрства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Папа нагадаў, што ад самага пачатку свайго пантыфікату імкнуўся быць блізкім да спакутаванага насельніцтва Блізкага Усходу. Ён нагадаў пра свае падарожжы ў Святую Зямлю, Егіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Ірак, а таксама пра шматлікія заклікі да малітвы і салідарнасці з Сірыяй і Ліванам.
“Святая Сям’я Езуса, Юзафа і Марыі, якой вы вырашылі прысвяціць Блізкі Усход, цудоўна адлюстроўвае вашу тоеснасць і вашу місію. Яна ў першую чаргу захоўвала таямніцу ўцелаўлення Божага Сына, будавалася вакол Езуса і дзеля Езуса”, - падкрэсліў Папа, нагадваючы пра пакору і паслухмянасць Божай волі, якую мелі Панна Марыя і св. Юзаф.
“Прысвячэнне Святой Сям’і заклікае ўсіх вас – як асобных людзей, так і супольнасці – нанава адкрыць ваша пакліканне да быцця хрысціянамі на Блізкім Усходзе, не толькі просячы аб справядлівым прызнанні вашых правоў як грамадзян, што паходзяць з гэтай дарагой зямлі, але жывучы вашай місіяй ахоўнікаў і сведкаў першых апостальскіх вытокаў”, - дадаў Пантыфік.
Перад абліччам насілля, нянавісці, падзелаў, якія знішчаюць разнастайнасць Блізкага Усходу Папа заклікаў давяраць Божай моцы, чэрпаючы сілы ад Святога Духа і прыкладу шматлікіх святых гэтага рэгіёну.
“Колькі цывілізацый і валадарства паўставалі, квітнелі і потым знікалі, разам з іх велічнымі справамі і захопам тэрыторый: усё прамінула. Пачынаючы ад нашага айца Абрагама, Божае слова, аднак, працягвала заставацца светачам, які асвятляў і асвятляе нашы крокі”, - напісаў Францішак, заклікаючы блізкаўсходнюю хрысціянскую супольнасць быць соллю гэтай зямлі паводле сацыяльнага вучэння Касцёла і жыць прароцтвам агульначалавечага братэрства.
Пасля малітвы Анёл Панскі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане Пантыфік заклікаў усіх вернікаў далучыцца да малітвы за мір на Блізкім Усходзе – рэгіёне, у якім зарадзілася хрысціянская вера і працягвае жыць, нягледзячы на шматлікія пакуты мясцовых вернікаў. "Няхай Пан адорыць гэтыя дарагія народы мужнасцю, вытрываласцю і адвагай", - пажадаў Святы Айцец.
Дзень малітвы за мір на Блізкім Усходзе з'яўляецца ініцыятывай біскупскай камісіі па пытаннях справядлівасці і міру пры Радзе каталіцкіх Патрыярхаў Блізкага Усходу.