Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: за войны палітыкі будуць адказваць перад Богам

28 чэрвеня 2021 г. на паліцах італьянскіх кнігарняў з’явіўся чарговы зборнік тэкстаў Папы з экуменічнай серыі “Абмен дарамі”. Ён называецца “Мір на зямлі. Братэрства – магчымае” (Pace in terra. La fraternità è possibile).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На старонках кнігі, прадмову да якой напісаў Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ, быў змешчаны невядомы раней тэкст, у якім Святы Айцец звяртае ўвагу на рызыку забыцця аб уроках вайны. Папа нагадаў, што пасля вялікіх трагедый ХХ ст. мільёны людзей дагэтуль “сутыкаюцца з пагрозай вайны, вымушаны пакідаць свае краіны, пакутуюць ад насілля”, а “прагненне міра было растаптана”.

Паводле Францішка, забыццё пра пакуты, звязаныя з вайной, робіць безабароннымі перад логікай нянавісці і спрыяе развіццю мілітарызма. “Забыццё заглушае прагненне міру і прыводзіць да паўтарэння памылак мінулага”, - дадаў ён.

Папа нагадаў, што сёння наступствы вайны недаацэньваюцца і да яе з лёгкасцю звяртаюцца для вырашэння канфліктаў, выкарыстоўваючы ў якасці апраўдання гуманітарныя, абарончыя ці прэвентыўныя матывы і праводзячы маніпуляцыі інфармацыяй.

“Ці ўсведамляем мы колькі людзей пакутуе ад вайны? Ці разумеем, якія пагрозы яна стварае для чалавецтва? Ці імкнемся якім-небудзь чынам пагасіць полымя вайны і прадухіліць яе? Або не звяртаем на гэта ўвагі і засяроджваемся на ўласных інтарэсах, або задавальняемся тым фактам, што вайна не закране нас?”. Гэтыя пытанні павінны турбаваць палітыкаў, якія будуць адказваць перад Богам і народамі за зацягванне войнаў, - напісаў Святы Айцец.

Францішак заклікае на паддавацца абыякавасці і нястомна прыкладаць намаганні на карысць міру праз фармаванне грамадскай думкі і ціск на міжнародную супольнасць. “Раўнадушша з’яўляецца саўдзелам у вайне. Пралітая кроў нават аднаго стварэння – гэта ўжо вельмі шмат!”, - дадаў ён.

Папа заклікаў таксама не адказваць насіллем на насілле, нагадваючы словы, які Езус скіраваў да Пятра ў Аліўным садзе: “Схавай меч свой” (Мц 26,52). “Жыццё і дабро не бароняцца “мячом”. Гэта словы, скіраваныя да тых, хто верыць у насілле, пашырае яго і апраўдвае. Той, хто хапаецца за меч, сам спазнае насілле, а канфлікты, аднойчы распачатыя – мы бачым гэта ў нашы дні, – часам перадаюцца з пакалення да пакалення”, - папярэдзіў Францішак.

Святы Айцец у чарговы раз заклікаў спыніць вытворчасць і продаж зброі, якая выкарыстоўвацца людзьмі для таго, каб забіваць адно аднаго. Апраўданнем для таго, каб працягваць гандляваць узбраеннямі, не можа стаць нават імкненне захаваць працоўныя месцы, - перакананы Пантыфік.
 

28 чэрвеня 2021, 10:05