Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец змяніў сістэму карных санкцый у Касцёле

Францішак завяршыў працэс рэфармавання касцёльнай сістэмы пакаранняў, распачаты Бэнэдыктым XVI. У Кодэкс кананічнага права былі ўведзены новыя нормы і больш дакладныя фармуліроўкі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Пасвіце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім не пад прымусам, але добраахвотна, згодна з воляй Божай, не дзеля агіднай нажывы, але са шчырым жаданнем”, - гэтымі словамі з Першага паслання св. Пятра (5,2) пачынаецца новая Апостальская канстытуцыя Pascite Gregem Dei. Гэтым дакументам Папа рэфармаваў VI Кнігу Кодэкса кананічнага права, якая тычыцца карных санкцый у Касцёле. Дакумент быў прадстаўлены ў Ватыкане 1 чэрвеня 2021 г. Змешчаныя ў ім нормы набудуць сілу 8 снежня 2021 г.

Паводле Францішка, каб належным чынам адказаць на патрэбы Касцёла ва ўсім свеце стала відавочнай патрэба пераглядзець сістэму карных санкцый, уведзеную св. Янам Паўлам ІІ 25 студзеня 1983 г. праз Кодэкс кананічнага права.

Гэта, на думку Папы, аблегчыць пастырам задачу хуткага ўжывання карных санкцый “як прылады збаўлення і выпраўлення, з пастырскай міласэрнасцю, дзеля прадухілення больш цяжкіх злачынстваў і дзеля загойвання ран, нанесеных чалавечай слабасцю”.

Святы Айцец нагадаў, што яшчэ ў 2007 г. Бэнэдыкт XVI даручыў Папскай радзе па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў пачаць перагляд карнага касцёльнага заканадаўства. У гэты працэс былі ўключаны эксперты ў галіне кананічнага права, епіскапаты і вышэйшыя настаяцелі манаскіх супольнасцей, дыкастэрыі Рымскай курыі. Вынікі працы былі перададзены Папу ў лютым 2021 г.

Францішак заўважыў, што недахоп разумення ў Касцёле сувязі паміж міласэрнасцю і неабходнасцю ўжывання карнай дысцыпліны прычыніў шмат шкоды. У сувязі з гэтым узнікла патрэба ў здзяйсненні змен у заканадаўстве.

VI Кніга Кодэкса кананічнага права была ўдасканалена з “тэхнічнага пункту гледжання, у прыватнасці ў адносінах да фундаментальных аспектаў карнага права, такіх як права на абарону, тэрмін даўнасці, больш дакладнае акрэсленне пакаранняў”. Новае заканадаўства прадугледжвае “аб’ектыўныя крытэрыі вызначэння найбольш адпаведнай кары, якую належыць ужываць у канкрэтным выпадку”, каб зменшыць “магчымасць улады дзейнічаць па ўласным разуменні”, а таксама, каб спрыяць большай касцёльнай еднасці ў сферы ўжывання пакаранняў, асабліва, калі гаворка ідзе пра злачынствы, якія наносяць шкоду супольнасці і выклікаюць скандалы.

У абноўленым заканадаўстве прадугледжаны новыя формы пакаранняў, такія як штраф, кампенсацыя нанесенай шкоды, поўнае ці частковае пазбаўленне касцёльных узнагародаў.

У пытаннях, якія тычацца злоўжыванняў адносна непаўналетніх, абнаўленні не толькі падкрэсліваюць цяжар такіх злачынстваў, але таксама звяртаюць увагу на сітуацыю пацярпелых. Сексуальныя злоўжыванні былі перанесены з раздзелу “Злачынствы супраць асаблівых абавязкаў духавенства” ў раздзел “Злачынствы супраць жыцця, годнасці і свабоды чалавека”. Акрамя пакаранняў для духавенства, былі ўведзены таксама санкцыі за такія злачынствы для кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў. Шматлікія новаўвядзенні тычыцца празрыстага кіравання касцёльнай маёмасцю і барацьбы з карупцыяй.

Сакратар Папскай рады па інтэрпрытацыі заканадаўчых тэкстаў, біскуп Хуан Ігнасіа Арыета, падкрэсліў, падсумоўваючы, што новаўвядзенні больш дакладна акрэсліваюць абавязкі біскупаў і настаяцелей манаскіх супольнасцей, а таксама прапануюць крытэрыі для прызначэння пакаранняў, чаго не было ў папярэднім заканадаўстве.
 

01 чэрвеня 2021, 13:13