Пошук

Анёл Панскі: Францішак заклікаў да "экалогіі душы"

“Нам патрэбна "экалогія дышы", якую фарміруюць адпачынак, разважанне і спачуванне. Скарыстаем для гэтага летні перыяд!" - заклікаў Святы Айцец 18 ліпеня 2021 г. у разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на евангельскі ўрывак XVI Звычайнай нядзелі (Мк 6, 30-34), гаворка ў якім ідзе пра апосталаў, якія вярталіся змучанымі пасля выканання місіі: “Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чоўне адны”.

На плошчы св.  Пятра падчас малітвы Анёл Панскі
На плошчы св. Пятра падчас малітвы Анёл Панскі

Святы Айцец звярнуў увагу на два важныя аспекты: адпачынак і спачуванне. Гаворачы пра першы, Францішак падкрэсліў неабходнасць фізічнай рэкрэацыі і клопату пра тое, каб душа адпачывала ад перапоўненасці справамі гэтага свету. “Будзем сцерагчыся імкнення да эфектыўнасці, давайце спынім шалёную гонку, якая дыктуе нашы штодзённыя планы. Давайце навучымся спыняцца, адключаць мабільныя тэлефоны, глядзець людзям у вочы, цаніць маўчанне, сузіраць прыроду, аднаўляцца ў дыялогу з Богам”, - звярнуўся Святы Айцец да сабраных на плошчы св. Пятра.

Папа адзначыў, што спачуванне спараджаецца сузіраннем. “Калі мы навучымся па-сапраўднаму адпачываць, атрымаем здольнасць сапраўднага спачування; калі мы станем культываваць сузіральны погляд, будзем весці сваю дзейнасць без прагнасці тых, хто хоча валодаць і спажываць усё; калі мы будзем падтрымліваць сувязь з Панам, не адмаўляючыся ад самай глыбокай часткі сябе, нашы абавязкі не змогуць захапіць нашага дыхання і паглынуць нас. Нам патрэбна "экалогія душы”, якую фарміруюць адпачынак, разважанне і спачуванне. Скарыстаем для гэтага летні перыяд!" - заахвоціў Францішак.
 

18 ліпеня 2021, 12:34

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >