Дзіна Імпальяца – "повар бедных” Рыма Дзіна Імпальяца – "повар бедных” Рыма 

Францішак напісаў ліст на пахаванне рымскага "повара бедных"

“Яго любоў да бедных, штодзённая прыхільнасць і вялікая шчодрасць з’яўляюцца сведчаннем, якое абнадзейвае", - напісаў Пантыфік у тэлеграме пасля смерці Дзіна Імпальяца – "повара бедных”.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пахавальныя ўрачыстасці прайшлі ў базыліцы Санта-Марыя-ін-Трастэвэрэ. Іх узначаліў кардынал Конрад Краеўскі. Апостальскі элемазінарый шмат гадоў супрацоўнічаў з Імпальяца, які разам з добраахвотнікамі штодня карміў больш за 300 чалавек паміж сталічнымі чыгуначнымі вакзаламі. У апошнім развітанні з дабрачынцам прынялі ўдзел кардыналы, біскупы, галоўны рабін Рыма і сотні людзей, якія кожны дзень карысталіся яго дапамогай.

Даведаўшыся аб смерці Дзіна, з якім ён асабіста сустракаўся пяць гадоў таму, Францішак пажадаў выказаць спачуванні, напісаўшы ліст аднаму з яго сыноў, Марка Імпальяца, які зараз узначальвае Супольнасць св. Эгідзія.

“Смерць бацькі, - адзначыў Святы Айцец, - хоць яна з'яўляецца часткай Божай Таямніцы, заўсёды – прычына болю. Дзякуем Пану за ўсе добрыя справы, якімі Ён адарыў Вашага бацьку за яго зямное жыццё. Ён навучыў Вас ісці шляхам Евангелля. Яго любоў да бедных, штодзённая прыхільнасць і вялікая шчодрасць з’яўляюцца заахвочвальным сведчаннем і надзейным урокам жыцця”. Давяраючы памерлага Божай міласэрнасці, Папа запэўніў у сваёй блізкасці і малітве ўсю сям'ю.

“Дзіна ніколі не заставаўся абыякавым да людзей, якіх сустракаў па дарозе. Ён падтрымліваў тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, не толькі ў Рыме, але і падчас шматлікіх місій, у тым ліку ў Румыніі, Сірыі і Мазамбіку. Ён таксама працаваў разам з Маці Тэрэзай з Калькуты”, - узгадаў біскуп Амброджыа Спрэафіка, адказны за Супольнасць св. Эгідзія, членам якой быў нябожчык. Іерарх звярнуў увагу на тое, што ён ніколі не перакладаў адказнасць на іншых, браў справу ў свае рукі, шчыра імкнучыся служыць патрабуючым.

Дзіна Імпальяца памёр на 91-м годзе жыцця. Ён нарадзіўся на Сардзініі, але ўсё жыццё правёў у Рыме. Быў заснавальнікам і кіраўніком асацыяцыі RomAmor, якая корміць бяздомных і бедных людзей на вуліцах Рыма, а таксама дапамагае людзям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Ён належаў да Руху Факаляраў і Супольнасці св. Эгідзія.
 

29 ліпеня 2021, 11:36