Францішак распавёў пра любімыя фільмы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю былому прэфекту Сакратарыята па камунікацыі, кс. Дарыё Вігано, апублікаваным у шэрагу італьянскіх выданняў, уключаючы La Repubblica і Corriere della Sera, Францішак прызнаўся, што італьянскае кіно, як і оперу, для яго адкрылі бацькі, італьянскія эмігранты.
"Маёй кінематаграфічнай культуры я абавязаны сваім бацькам. Гэта частка маіх дзіцячых успамінаў. Яны навучылі мяне шанаваць мастацтва", - сказаў Папа.
У кінематографе яны асабліва вылучалі працы нэарэалістаў. "У 10-12 гадоў я перагледзеў усе фільмы з Ганнай Маньяні. Фільмы нэарэалізму сфарміравалі нашу душу, навучылі глядзець на рэальнасць іншымі вачыма. Для нас, дзяцей у Аргенціне, гэтыя фільмы былі важныя, таму што дапамаглі зразумець трагедыю вайны. У Буэнас-Айрэсе мы ведалі пра яе толькі ад эмігрантаў – з Італіі, Польшчы, Германіі", - падзяліўся Пантыфік.
Францішак згадаў Віторыа Дэ Сіку, а таксама Федэрыка Феліні і яго Дарогу (La strada), якую "любіць больш за ўсё". "Мне вельмі блізкі гэты фільм. Феліні ведаў, як даць святло апошнім і абяздоленым", - прызнаўся Святы Айцец.