Францішак: пажылыя маюць права марыць, гледзячы на маладых
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак заклікаў адзначыць 1-ы Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей у кожнай супольнасці, у тым ліку наведваючы самых адзінокіх пажылых. “Бабулям і дзядулям патрэбна моладзь, а моладзі – бабулі і дзядулі. Яны павінны размаўляць паміж сабой, яны павінны сустракацца”, - аргументаваў ён.
Пантыфік прызнаўся, што задумаў гэты Дзень, каб звярнуць увагу грамадства на каштоўнасць пажылога пакалення. “У старых ёсць жыццёвыя сокі гісторыі, якія падымаюцца і надаюць сілу дрэву, што расце. (...) Без дыялогу маладых людзей з бабулямі і дзядулямі гісторыя не рухаецца наперад, жыццё не развіваецца. Гэта трэба прыняць. Гэта выклік для нашай культуры. Пажылыя маюць права марыць, гледзячы на маладых, а маладыя маюць права на мужнасць прароцтва, чэрпаючы жыццёвы сок сваіх бабуль і дзядуль. Прашу вас: зрабіце так, каб бабулі і дзядулі сустракаліся з моладдзю і размаўлялі”, - адзначыў Францішак.