11042013_131237_Death_penaltyBBC.jpg

Францішак заклікаў бароцца з эканомікай гандлю людзьмі

Пантыфік у чарговы раз звярнуў увагу міжнароднай супольнасці на неабходнасць рашучай барацьбы з драматычным феноменам гандлю людзьмі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"У Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі я заклікаю ўсіх разам з пацярпелымі ператварыць эканоміку гандлю людзьмі ў эканоміку дапамогі", - напісаў Францішак 30 ліпеня 2021 г. у сацыяльнай сетцы Twitter.

У гэтым годзе тэма кампаніі ААН звяртае ўвагу на ахвяр як ключавых удзельнікаў барацьбы з гандлем людзьмі і на вырашальную ролю, якую яны адыгрываюць у распрацоўцы эфектыўных мер па прадухіленні гэтага злачынства, выяўленні і выратаванні ахвяр, падтрымцы іх на шляху да рэабілітацыі.

На сваім сайце Арганізацыя нагадвае, што многія ахвяры гандлю людзьмі сутыкаюцца з неразуменнем у сваіх спробах атрымаць дапамогу. Яны перажылі сапраўдныя траўмы пасля выратавання падчас ідэнтыфікацыйных інтэрв'ю і судовых разглядаў. Некаторыя сутыкнуліся з паўторнай віктымізацыяй і пакараннем за злачынствы, якія іх прымусілі здзейсніць гандляры людзьмі. Іншыя падвяргаліся стыгматызацыі ці не атрымалі дастатковай падтрымкі.

Касцёл адзначае Сусветны дзень малітвы і разважанняў супраць гандлю людзьмі 8 лютага, у дзень літургічнага ўспаміну св. Джузэпіны Бакіты. Сёлета ён прайшоў пад дэвізам "Эканоміка без гандлю людзьмі".

У сваім відэазвароце з гэтай нагоды Францішак звярнуў увагу на неабходнасць “эканомікі клопату, эканомікі, у якой рыначныя правілы спрыяюць справядлівасці, эканомікі мужнай”. Такі падыход прадугледжвае клопат пра людзей і прыроду, дзе прадукты і паслугі існуюць для росту агульнага дабра. Гэта эканоміка, якая стварае магчымасці працаўладкавання, дзе адсутнічае выкарыстанне работніка і ёсць салідарнасць.

"Эканоміка без гандлю людзьмі – гэта эканоміка з рынкавымі правіламі, якія спрыяюць справядлівасці, а не выключным частковым інтарэсам", - падкрэсліў Францішак.
 

30 ліпеня 2021, 14:50