Пантыфік спачувае іракцам пасля тэракту ў Багдадзе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
19 ліпеня 2021 г. на тэрыторыі рынку ў раёне Мадзінат ас-Садр ва ўсходняй частцы сталіцы Ірака спрацавала выбуховая прылада. Дзясяткі чалавек загінулі і атрымалі раненні.
“Папа Францішак з глыбокім смуткам успрыняў вестку аб гібелі людзей у выніку выбуху на рынку Аль-Вахілат у Багдадзе. Ён перадае свае спачуванні сем'ям і сябрам загінулых. Давяраючы іх душы міласэрнасці Усемагутнага Бога, Яго Святасць узносіць гарачыя малітвы, каб ніякі акт насілля не аслабіў намаганняў прыхільнікаў справы згоды і міру ў Іраку”, - гаворыцца ў спачувальнай тэлеграме, падпісанай Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці, кардыналам П'етра Паралінам, адрасаванай Апостальскаму нунцыю ў Іраку, арцыбіскупу Міце Лескавару.
У інтэрв'ю Vatican News халдэйскі Патрыярх Луіс Рафаэль Сако асудзіў тэракт, заявіўшы, што ў Іраку няма ні бяспекі, ні стабільнасці, і гэты напад – толькі апошні прыклад. “Гаворка ідзе пра праблему маральнасці: карупцыя і забойства нявінных – амаральныя ўчынкі. Гэта непрымальна, людзям патрэбна гуманнасць і сумесная праца на карысць краіны”, - адзначыў кардынал.