Папа да францішканаў: дапамагайце тым, хто пакутуе душой і целам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пантыфік заклікаў паслядоўнікаў св. Францішка Асізскага адкрыцца аднаўляючай сіле Духа Святога і выходзіць насустрач людзям, якія пакутуюць душой і целам, ахапіць іх блізкасцю, пакорнай і братэрскай прысутнасцю.
Браты-францішкане, звярнуў увагу Святы Айцец, павінны быць людзьмі дыялогу, будаўнікамі мастоў, носьбітамі дароў братэрства і сацыяльнага сяброўства; заставацца людзьмі згоды і міру. Яны павінны “запрашаць тых, хто сее нянавісць, падзел і гвалт, да навяртання сэрца, прапаноўваць ахвярам надзею, народжаную ісцінай, справядлівасцю і прабачэннем”.
Папа адзначыў, што ў значнай частцы Ордэн братоў меншых “сутыкаецца з праблемай скарачэння колькасці і старэння”, аднак страх і трывога не павінны перашкодзіць абнаўленню і ажыўленню, якія Дух Святы нараджае ў манаскіх супольнасцях. “У вас ёсць бясцэнная духоўная спадчына, укаранёная ў евангельскім жыцці, адзначаная малітвай, братэрствам, беднасцю, меншасцю і мабільнасцю”, - нагадаў Францішак.
Пантыфік заклікаў законнікаў не забывацца пра бедных, ахвяр сучаснага рабства, уцекачоў і адкінутых гэтым светам. “Яны – вашы настаўнікі. Абдымайце іх, як гэта рабіў св. Францішак”, - звярнуў увагу ён.