Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да прадпрымальнікаў: інвеставаць у агульнае дабро

Святы Айцец скіраваў відэапасланне да членаў аргентынскай Хрысціянскай асацыяцыі кіраўнікоў прадпрыемстваў (Asociación cristiana de dirigentes de empresa).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Хрысціянская візія эканомікі і грамадства адрозніваецца ад язычніцкай ці ідэалагічнай”, яна паходзіць з паслання Езуса, з евангельскіх благаслаўленняў, - нагадаў Святы Айцец, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы на тэму “У напрамку больш гуманнага капіталізму”. Ён заўважыў, што ў будаванні больш справядлівага грамадства павінны ўдзельнічаць усе – прафсаюзныя лідары, прадпрымальнікі і рабочыя, а шлях, якім трэба крочыць – гэта “шлях сацыяльнай эканомікі”.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў адбываецца празмерная засяроджанасць на фінансах, у той час як трэба вярнуцца да “канкрэтнай эканомікі”, звязанай з такімі паняццямі як вытворчасць, праца для ўсіх, сям’я, грамадства і Айчына.

“У грамадстве, дзе існуе вельмі вялікі ўзровень беднасці, трэба спытаць сябе пра тое, як развіваецца эканоміка, ці з’яўляецца яна справядлівай, ці з’яўляецца сацыяльнай, ці яна проста накіравана на дасягненне прыватных інтарэсаў”, - сцвердзіў Папа.

Францішак падкрэсліў, што сацыяльнае вымярэнне эканомікі выражаецца, між іншым, у стварэнні працоўных месцаў. У гэтым кантэксце важнымі з’яўляюцца малыя і сярэднія прадпрыемствы, бо “крэатыўнасць паходзіць знізу”, - дадаў Наступнік св. Пятра. Ён заклікаў інвеставаць у агульнае дабро, а не хаваць грошы ў афшорах. “Інвеставаць – значыць даваць жыццё, значыць ствараць”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы да празрыстасці, якая дапамагае паступова будаваць сацыяльны давер.

 

01 ліпеня 2021, 09:33