Папа падзякаваў каталіцкім навукоўцам пасля сваёй шпіталізацыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Папа звярнуўся да рэктара навучальнай установы Франка Анэлі з удзячнасцю за “блізкасць, якую адчуў, за сапраўдную і клапатлівую сардэчнасць, якую бачыў на ўсіх тварах, за прафесіяналізм тых, хто клапаціўся пра яго”.
“Клопат – гэта выраз сэрца. Каталіцкі ўніверсітэт Найсвяцейшага Сэрца носіць у сваёй назве пакліканне клапаціцца пра чалавечую асобу. Мая шпіталізацыя адбылася менавіта ў той год, калі ВНУ адзначае стагоддзе існавання, святкуючы юбілей па дэвізам, які гучыць для мяне натхняльна: "Стагоддзе будучыні", - напісаў Францішак.
Святы Айцец лічыць, што дзверы ў будучыню адкрывае менавіта “культурнае і інтэгральнае прасоўванне чалавечай асобы”. “Я на ўласным вопыце адчуў, як паміж падапечнымі Джэмэлі няма часу на настальгію ці шкадаванне па мінулым: пакутлівае Цела Хрыста ў хворых усіх узростаў і стану патрабуе спагадлівага і ўважлівага позірку, здольнага ўсяліць надзею ў хвіліны стомленасці, каб жыць будучыняй”, - прызнаўся Пантыфік.
Францішак паабяцаў, што “захавае ў сэрцы і даверыць Пану” позірк шматлікіх людзей, сустрэтых ім у рымскай клініцы, яшчэ раз падзякаваў усім, хто ўтварае сям'ю Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, паабяцаў сваю малітву за іх і папрасіў маліцца за яго.