Святы Айцец падзякаваў персаналу клінікі Джэмэлі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец выказаў глыбокую ўдзячнасць “вялікай сям'і Джэмэлі” за братэрскі прыём і сардэчны клопат, якія дапамаглі яму “адчуваць сябе як дома”. Па словах Папы, знаходжанне ў рымскай бальніцы паспрыяла таму, каб ён асабіста пераканаўся ў тым, “наколькі важныя ў ахове здароўя чалавечая чуласць і навуковы прафесіяналізм”.
“Цяпер я нашу ў сваім сэрцы мноства асоб, гісторый і сітуацый, звязаных з пакутамі. Бальніца Джэмэлі – гэта сапраўды маленькі горад у горадзе, куды кожны дзень прыязджаюць тысячы людзей, давяраючы ёй свае чаканні і турботы. Там лечаць не толькі цела, але і душу – я малюся, каб так было заўсёды, – дзякуючы цэласнаму і ўважліваму клопату пра чалавека, здольнаму даць суцяшэння і надзею ў моманты выпрабаванняў. Тое, чым займаецца кожны з вас, – гэта не толькі далікатная і адказная праца: гэта справа міласэрнасці, дзякуючы якой праз хворых можна дакрануцца да параненага цела Езуса”, - напісаў Францішак у лісце да старшыні Універсітэцкага паліклінічнага фонду імя Агасціна Джэмэлі, адваката Карла Фрата Пасіні.
У канцы паслання Папа яшчэ раз падзякаваў медыцынскаму і санітарнаму персаналу бальніцы і папрасіў медыкаў маліцца за яго.