Удзельнікі Дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі міру і стабільнасці ў Ліване Удзельнікі Дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі міру і стабільнасці ў Ліване 

Дзень малітвы за Ліван праходзіць у Ватыкане

1 ліпеня 2021 г. у Ватыкане праходзіць Дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі міру і стабільнасці ў Ліване. У ім бяруць удзел прадстаяцелі хрысціянскіх супольнасцей з гэтай блізкаўсходняй краіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Дзень малітвы распачаўся сустрэчай яго ўдзельнікаў са Святым Айцом у ватыканскім Доме св. Марты. Ліванскіх іерархаў суправаджалі кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

Пасля прывітання ўся група накіравалася ў базыліку св. Пятра. Перад Алтаром Канфесіі яны памаліліся Ойча наш, пасля чаго правялі некаторы час у малітоўным маўчанні. Затым удзельнікі сустрэчы спусціліся да магілы Князя Апосталаў, дзе запалілі свечкі. Адтуль, праз Ватыканскія гроты, яны накіраваліся ў Апостальскі палац, дзе пачаўся першы раўнд кансультацый. Іх змест застанецца канфідэнцыяльным. У 18.00 у базыліцы св. Пятра адбудзецца экуменічная малітва, падчас якой Папа скіруе сваё пасланне.

Удзельнікі Дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі Лівана
Удзельнікі Дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі Лівана

У сустрэчы бяруць удзел: кардынал Бешара Бутрас Раі, Патрыярх Антыёхіі мараніцкага абраду, Юсуф І Абсі, Патрыярх Антыёхіі мельхіцкага абраду, сіракаталіцкі Патрыярх Ігнацый Юсэф ІІІ Юнан. Некаталіцкія супольнасці прадставяць праваслаўны Патрыярх Антыёхіі і ўсяго Усходу Ян Х, армянскі Каталікос Кілікіі Арам I, сіраправаслаўны Патрыярх Антыёхіі Ігнацый ІІ Эфрэм, а таксама члены Найвышэйшай рады евангелічнай супольнасці ў Сірыі і Ліване і Экуменічнай рады хрысціянскіх Цэркваў у Сірыі і Ліване.

Удзельнікі Дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі Лівана
Удзельнікі Дня малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі Лівана

Дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі міру і стабільнасці ў Ліване праходзіць па ініцыятыве Францішка. У выніку глыбокага палітычнага і эканамічнага крызісу больш за палову насельніцтва гэтай краіны апынулася за мяжой беднасці. Паводле дадзеных ААН, колькасць людзей, якія жывуць ва ўмовах крайняй галечы, на працягу 2020 г. вырасла з 8% да 23%. Каля 40% насельніцтва Лівана мае цяжкасці з доступам да прадуктаў харчавання і рэчаў першай неабходнасці.
 

01 ліпеня 2021, 10:38