Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа працягвае лячэнне і выказвае блізкасць усім хворым

8 ліпеня 2021 г. кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы паведаміў, што Святы Айцец працягвае планавае лячэнне і выказвае сваю блізкасць усім хворым.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Яго Святасць Папа Францішак правёў спакойны дзень, самастойна харчаваўся і перасоўваўся. У другой палове дня ён пажадаў выказаць сваю бацькоўскую блізкасць маленькім пацыентам Аддзялення педыятрычнай анкалогіі і нейрахірургіі, якое знаходзіцца па суседстве, скіраваўшы ім сваё сардэчнае прывітанне”, - паінфармаваў журналістаў Матэа Бруні.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што ўвечары ў Францішка падымалася тэмпература, а сёння раніцай ён прайшоў руцінныя мікрабіялагічныя абследаванні і камп’ютарную тамаграфію грудной клеткі і брушной поласці, якая дала адмоўны вынік.

Францішак праходзіць планавае лячэнне і харчуецца пераральна, - удакладніў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, падкрэсліваючы, што “ў гэты асаблівы момант ён скіроўвае свой позірк на ўсіх, хто пакутуе, выказваючы сваю блізкасць хворым, асабліва тым, якія найбольш патрабуюць лячэння”.

4 ліпеня 2012 г. Святому Айцу была зроблена планавая хірургічная аперацыя на кішэчніку. Францішак праходзіць лячэнне ва Універстэцкай паліклініцы імя Агасціна Джэмэлі ў Рыме. Калі не будзе ўскладненняў, шпіталізацыя працягнецца па меншай меры сем дзён.
 

08 ліпеня 2021, 12:21