Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Агульная аўдыенцыя: Евангелле не можа быць аб’ектам гандлю

Сапраўднае Евангелле вядзе да свабоды і збаўлення, - заўважыў Папа падчас першай пасля летняга перапынку агульнай аўдыенцыі. 4 жніўня 2021 г. ён сустрэўся з вернікамі ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Калі гаворка ішла пра Евангелле і евангелізацыйную місію, Павел напаўняўся энтузіязмам. Здавалася, што ён не бачыў нічога іншага, акрамя місіі, якую Пан даручыў яму. Усё ў ім было прысвечана прапаведванню і яго не цікавіла нічога, акрамя Евангелля”, - сказаў Папа, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны Пасланню да Галатаў.

Францішак заўважыў, што апостал Павел аддаваў справе евангелізацыі ўсе свае сілы, будучы перакананым у тым, што сам Хрыстус паклікаў яго да гэтай місіі. Таму ён вельмі засмуціўся калі “на яго вачах галаты паўсталі на памылковы шлях”.

У перыяд прапаведвання св. Паўла, яшчэ не было напісана ніводнае з чатырох Евангеллаў і таму Апостал абвяшчаў “смерць і ўваскрасенне Езуса, як крыніцу збаўлення”. Евангелле для яго выражалася ў чатырох дзеясловах: “Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання, і з’явіўся Кефасу” (пар. 1Кар 15,3-5). “Гэта Евангелле з’яўляецца спаўненнем абяцанняў і збаўленнем, прынесеным усім людзям”, - сказаў Святы Айцец.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Апостал Павел, аднак не мог зразумець, чаму перад абліччам такога вялікага дару, прынесенага гаталам, яны хацелі прыняць іншае “евангелле”. Гэтыя хрысціяне не адмовіліся ад Евангелля, абвешчанага Паўлам, але слухалі іншых прапаведнікаў, памылкова думаючы, што іх пасланне ўзаемадапаўняльнае з паўлавым. У такой сітуацыі Апостал не мог пайсці на кампраміс.

“Евангелле – адзінае, і з’яўляецца тым, якое абвяшчаў ён; іншага не магло існаваць. Увага! Павел не казаў, што яго Евангелле сапраўднае, таму што было абвешчана ім. Гэта было б саманадзейна, гэта было б ганарлівасцю. Ён, аднак, сцвярджае, што “яго” Евангелле, гэта тое самае Евангелле, якое іншыя апосталы абвяшчалі паўсюль, адзінае сапраўднае, бо з’яўляецца Хрыстовым”, - сцвердзіў Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Павел быў вельмі цвёрдым і гэтым пытанні і таму двойчы выкарыстоўваў слова “пракляцце”, указваючы на патрэбу трымаць далёка ад супольнасці тое, што пагражае яе асновам.

“З праўдай Евангелля нельга весці перамовы. Або атрымліваем Евангелле, такім, якім яно было абвешчана, або прымаем нешта іншае. З Евангеллем не вядуць перамовы. Нельга ісці на кампраміс: вера ў Езуса – гэта не тавар, адносна якога можна гандлявацца. Гаворка ідзе пра збаўленне, сустрэчу, адкупленне. Гэта не тавар, прызначаны на продаж”, - сказаў Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Францішак адзначыў, што ўсе апісаныя на пачатку Паслання да Галатаў суб’екты здаецца кіраваліся добрымі памкненнямі. Галаты, якія слухалі новых місіянераў, думалі, што праз абразанне змогуць стаць яшчэ больш адданымі Божай волі. Ворагі Паўла здаецца кіраваліся вернасцю традыцыі, атрыманай ад бацькоў, і лічылі, што сапраўдная вера заключаецца ў захаванні Закону. Таму яны нават падазравалі Паўла ў “недастатковай артадаксальным у адносінах да традыцыі”.

Паводле Папы, сітуацыя, якую перажылі галаты, паўтараецца ў розныя часы, таму словы апостала Паўла карысныя таксама для нас, каб маглі вызваліцца з “лабірынту добрых намераў”. “Выразнае і рашучае слова Паўла, якое было збаўчым для галатаў, з’яўляецца збаўчым таксама для нас. Евангелле – гэта дар Хрыста для нас і Езус сам адкрыў яго. Гэта тое, што дае нам жыццё”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

04 жніўня 2021, 11:23

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >