Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Агульная аўдыенцыя: хрысціяне пакліканы да свабоды ў Святым Духу

Усе, хто мае веру ў Езуса Хрыста, пакліканы жыць у Святым Духу, які вызваляе ад Закона, а ў той жа час вядзе да яго спаўнення паводле запаведзі любові, - перакананы Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Калі кіруе вамі Дух, то вы не пад Законам” (Гал 5,18), - нагадаў Францішак словы апостала Паўла падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 11 жніўня 2021 г. у ватыканскай Зале Паўла VI. Святы Айцец працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны Пасланню да Галатаў.

Нядобразычліўцы Паўла казалі, што галаты навінны выконваць Закон, каб атрымаць збаўленне. Апостал быў нязгодны з імі, бо гэта сцвяржэнне азначала вяртанне назад, да часоў, якія папярэднічалі прыйсцю Хрыста. Ён добра памятаў словы Пятра, які сцвярджаў: “Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы?” (Дз 15,10).

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Калі Павел казаў пра Закон, ён звычайна меў на ўвазе Закон Майсея, звязаны з Запаветам, які Бог устанавіў са сваім народам. “Захаванне Закону гарантавала народу выгоды Запавету і асаблівую сувязь з Богам... Заключаючы Запавет з Ізраэлем, Бог падарыў яму Тору, каб народ мог разумець Яго волю і жыць у справядлівасці. Тады існавала патрэба ў такім Законе, гэта быў вялікі дар Бога свайму народу. Чаму? – Бо ў тыя часы паўсюль было язычніцтва, ідалапаклонства, паводзіны людзей грунтаваліся на язычніцтве, таму Закон стаў вялікім дарам Бога для народу, каб ён мог ісці наперад. Шмат разоў, асабліва ў кнігах прарокаў, узгадваецца, што невыканенне прадпісанняў Закону станавілася сапраўднай здрадай Запавету, правакуючы гнеўную рэакцыю Бога. Сувязь паміж Запаветам і Законам была настолькі шчыльнай, што дзве гэтыя рэчаіснасці лічыліся непадзельнымі”, - заўважыў Францішак.

Усведамляючы гэта можна з лёгкасцю зразумець чаму місіянеры, якія праніклі ў асяроддзе галатаў, мелі поспех, сцвярджаючы, што вернасць Запавету прадугледжвала захаванне Закона Майсея. Але менавіта тут можна ўбачыць “духоўную разважлівасць св. Паўла”, які патлумачыў галатам, што на самай справе Запавет і Закон не звязаны непадзельна. Ён настойваў на тым, што “Запавет, заключаны Богам з Абрагама, грунтаваўся на веры ў спаўненне абяцання, а не на захаванні Закона, якога яшчэ не было”. “Закон не знаходзіцца ў аснове Запавету, бо быў дадзены пазней”, - сцвердзіў Пантыфік.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

“Такая аргументацыя пакідала па-за гульнёй тых, якія сцвярджалі, што Закон Майсея быў неад’емнай часткай Запавету. Тора, на самай справе, не была ўключана ў абяцанне, дадзенае Абрагаму. Кажучы гэта, аднак, мы не павінны думаць, што Павел быў супраць Закона Майсея. Шмат разоў у сваіх Пасланнях Павел абараняў яго боскае паходжанне і сцвярджаў, што ён мае дакладную ролю ў гісторыі збаўлення. Закон, аднак, не дае жыццё, не дае спаўненне абяцання, бо не ў стане яго выканаць... Тыя, хто шукае жыцця, павінны глядзець на абяцанне і на яго спаўненне ў Хрысце”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле Папы, гэта першае тлумачэнне Апостала галатам аб’яўляе “радыкальную навіну хрысціянскага жыцця: усе, хто мае веру ў Езуса Хрыста, пакліканы жыць у Святым Духу, які вызваляе ад Закона, а ў той жа час вядзе да яго спаўнення паводле запаведзі любові”.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Францішак падкрэсліў, што запаведзі маюць “педагагічнае” значэнне, бо вядуць да сустрэчы з Богам. Праблема ўзнікае тады, калі запаведзям, а не сустрэчы з Езусам, надаецца большае значэнне. “Няхай Пан дапаможа нам крочыць па шляху запаведзяў, але гледзячы на любоў Хрыста, імкнучыся да сустрэчы з Хрыстом, ведаючы, што яна важнейшая за ўсе запаведзі”, - завяршыў катэхезу Францішак.

Запіс відэатрансляцыі з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане


 

11 жніўня 2021, 11:01

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >