Пошук

Анёл Панскі: шукаць Бога ў адносінах з Хрыстом і братамі

Сведчыць аб веры канкрэтным жыццём, заклікаў Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 22 жніўня 2021 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім паказана рэакцыя натоўпу і вучняў на словы, прамоўленыя Езусам пасля цуду памнажэння хлябоў (Ян 6,60-69). Хрыстус заклікаў інтэрпрэтаваць гэты знак і верыць у Яго, які з’яўляецца сапраўдным хлебам, што сышоў з неба, хлебам жыцця. Езус паказваў, што хлеб, які дае Ён – гэта Яго цела і Яго кроў.

Гэтыя словы былі настолькі цяжкімі і незразумелымі для людзей, што многія вучні перасталі ісці за Настаўнікам. Тады Езус спытаў Дванаццаць: “Ці і вы таксама хочаце адысці?” (Ян 6,67), а Пётр, ад імя ўсёй групы, пацвердзіў сваё рашэнне застацца з Ім: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця. А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога” (Ян 6,68-69), - нагадаў Святы Айцец.

Папа прапанаваў паразважаць над паводзінамі людзей, якія адышлі ад Хрыста і пра прычыны гэтага. Ён заўважыў, што словы Езуса “выклікалі вялікае абурэнне”, бо, згодна з імі, “Бог вырашыў аб’явіць сябе і здзейсніць збаўленне ў слабасці чалавечага цела”. Уцелаўленне Бога – гэта тое, што выклікала абурэнне і было перашкодай для людзей, а часта з’яўляецца перашкодай і для нас, - сцвердзіў Пантыфік.

“Езус сцвярджаў, што сапраўдны хлеб збаўлення, які дае вечнае жыццё – гэта Яго цела; што для таго, каб увайсці ў адзінства з Богам, перад тым як захоўваць законы і выконваць рэлігійныя прадпісанні, трэба жыць рэальнымі і канкрэтнымі адносінамі з Ім. Гэта значыць, што не трэба наследаваць Бога ў марах і вобразах велічы і магутнасці, але прызнаваць Яго ў чалавечнасці Езуса, а як наступства, у чалавечнасці братоў і сясцёр, якіх сустракаем на жыццёвым шляху... Бог стаў целам і крывёй: Ён прынізіўся да таго, што стаў чалавекам, такім як мы; прынізіўся, узяўшы на сябе нашы пакуты і грэх, і просіць нас шукаць Яго, але не па-за жыццём і гісторыяй, а ў адносінах з Хрыстом і братамі”, - сказаў Францішак.

Папа заўважыў, што аб’яўленне Бога ў чалавечнасці Езуса можа выклікаць неразуменне таксама і ў нашыя дні. Гэта тое, што св. Павел называў “глупствам” Евангелля для тых, хто шукае цудаў ці мудрасці гэтага свету. “Гэта “абуральнасць” добра прадстаўлена сакрамэнтам Эўхарыстыі: які сэнс можа мець у вачах свету схіленне каленяў перад кавалкам хлеба? Чаму трэба рэгулярна насычацца гэтым хлебам?”, - паставіў пытанне Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што перад абліччам цудоўнага жэсту Езуса, які насыціў тысячы людзей пяццю хлябамі і двума рыбамі, усе праслаўлялі Яго. “Але калі Ён патлумачыў, што гэты жэст з’яўляецца жэстам Яго ахвяры, гэта значыць дару Яго жыцця, Яго цела і Яго крыві, а той, хто хоча ісці за Ім павінен станавіцца падобным на Яго, на Яго чалавечнасць, падараваную Богу і іншым – такі Езус, які ўводзіць у крызіс, нам не падабаецца”, - заўважыў Папа, падкрэсліваючы, што вернікаў павінна турбаваць, калі словы Хрыста не выклікаюць у іх крызісу, бо гэта можа значыць, што яны “разбавілі” пасланне Езуса.

“Папросім аб ласцы таго, каб мы дазволілі справакаваць і змяніць сябе Яго “словамі вечнага жыцця”. Няхай Найсвяцейшая Марыя, якая насіла ў целе Сына Езуса і з’ядналася з Яго ахвярай, заўсёды дапамагае нам сведчыць аб нашай веры канкрэтным жыццём”, - завяршыў нядзельнае разважанне Францішак.
 

22 жніўня 2021, 14:29

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >