Пантыфік да хрысціянскіх сужэнцаў: нельга баяцца няўдач
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Гэтым разам Францішак пракаментаваў сведчанне італьянскай сям’і, якая дзеліцца досведам штодзённага жыцця ласкай сакрамэнту. Франчэска і Даната ў шлюбе 18 гадоў. У іх пяцёра дзяцей. У відэа яны адзначаюць, што Бог – верны, давярае і разлічвае на хрысціянскіх сужэнцаў. Яны падкрэсліваюць, што чалавечае "назаўжды", выяўленае ў сакрамэнце сужэнства, магчыма рэалізаваць толькі дзякуючы Божай любові.
“Сужэнства – каштоўны знак. Яно – вобраз любові Бога да нас. Гэта не значыць, што каханне паміж мужам і жонкай павінна быць дасканалым. Ніхто так не ўмее. Каханне сужэнцаў, аднак, – гэта дынамічны працэс, які развіваецца і сталее на працягу ўсяго жыцця. Сужэнства патрабуе вернасці. Шлюб – назаўжды. Сужэнства паказвае на сур'ёзнасць прыхільнасці двух людзей, якія любяць адно аднаго. Не жадаць выходзіць замуж – значыць не жадаць браць на сябе публічныя абавязацельствы, баяцца, магчыма, не быць перакананым, не быць упэўненым”, - падкрэсліў Святы Айцец, каментуючы сведчанне.
Францішак таксама спаслаўся на словы італьянскай сямейнай пары, якая адчувае ўнікальнае дзеянне Божай ласкі, асабліва ў цяжкія для сям’і часы. “Нельга баяцца няўдач. Страх – гэта найвялікшая перашкода ў прыняцці Хрыста і Яго жыццёвага плана для нас. Касцёл мае патрэбу ў мужнай вернасці сужэнцаў ласцы сакрамэнту. Неабходна, каб кожная пара сведчыла аб прыгажосці хрысціянскага сужэнства нават на фоне цяжкасцей і выклікаў кожнага дня", - адзначыў Пантыфік.