Вакцынацыя ў венскім саборы св. Стэфана. Ілюстрацыйнае фота Вакцынацыя ў венскім саборы св. Стэфана. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікае да вакцынацыі супраць COVID-19

Святы Айцец звярнуўся да ўсіх людзей ва ўсім свеце з просьбай зрабіць прышчэпку супраць каронавіруса. Кароткі відэазварот апублікавала 18 жніўня 2021 г. Зала Друку Святога Пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“У братэрскім духу я далучаюся да паслання надзеі на светлую будучыню. Дзякуючы Богу і працы многіх людзей, у нас сёння ёсць вакцыны, якія абараняюць ад COVID-19. Яны даюць надзею на спыненне пандэміі, але толькі ў тым выпадку, калі даступнасць да іх гарантавана ўсім і калі мы супрацоўнічаем адно з адным”, - адзначыў Францішак.

Ён назваў жэстам любові саму вакцынацыю і дапамогу людзям у яе рэалізацыі. “Існуе грамадская і палітычная любоў, універсальная, заўсёды напоўненая малымі жэстамі асабістай любові, здольнымі змяніць і палепшыць грамадства”, - заўважыў Пантыфік.

“Вакцынацыя – гэта просты, але глыбокі спосаб прасоўвання агульнага дабра і клопату адно пра аднаго, асабліва пра найбольш уразлівых. Прашу Бога, каб кожны з нас унёс сваю пясчынку, свой маленькі жэст любові. Якім бы маленькім ён ні быў, любоў заўсёды вялікая. Паспрыяй гэтымі малымі жэстамі лепшай будучыні”, - заклікаў Францішак у сваім відэапасланні.
 

18 жніўня 2021, 10:48