Цырымонія адкрыцця XVI Паралімпійскіх гульняў Цырымонія адкрыцця XVI Паралімпійскіх гульняў 

Святы Айцец прывітаў удзельнікаў Паралімпійскіх гульняў

Святы Айцец скіраваў прывітанне да ўдзельнікаў XVI Летніх Паралімпійскіх гульняў. Сусветны спартыўны форум праходзіць у Токіа з 24 жніўня па 5 верасня 2021 г.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Учора ў Токіа распачаліся Паралімпійскія гульні. Вітаю спартсменаў і дзякую ім за тое, што даюць усім сведчанне надзеі і адвагі, і паказваюць, што спартыўная дзейнасць дапамагае перамагаць цяжкасці, якія здаецца перамагчы немагчыма”, - сказаў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 25 жніўня 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Першапачаткова планавалася, што XVI Летнія Паралімпійскія гульні пройдуць у 2020 г., але ў сувязі з пандэміяй каронавіруса яны былі перанесены на 2021 г. У турніры прымаюць удзел больш за 11,5 тыс. атлетаў, якія прадстаўляюць 205 краін свету. У рамках гульняў адбудзецца 540 спаборніцтваў у 22 дысцыплінах. Упершыню ў праграму Паралімпіяды сёлета былі ўключаны спаборніцтвы па бадмінтоне і тэквандо, якія заменяць парусны спорт і адну з дысцыплін паралімпійскага футбола.
 

25 жніўня 2021, 11:49