“Трыдэнцкая” Імша. Ілюстрацыйнае фота “Трыдэнцкая” Імша. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак патлумачыў матывы новага падыходу да “трыдэнцкай” Імшы

Папа спадзяецца, што дзякуючы прыпыненню “аўтаматычнага” дазволу на цэлебрацыю Імшы паводле старога абраду з’явіццца магчымасць вярнуцца да сапраўдных намераў Бэнэдыкта XVI і Яна Паўла II.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак закрануў гэту актуальную тэму падчас сустрэчы са славацкімі езуітамі 12 верасня 2021 г. у Браціславе. Стэнаграма размовы з'явілася ў італьянскім часопісе La Civiltà Cattolica.

Святы Айцец нагадаў, што яго рашэнне "стала вынікам кансультацый з біскупамі з усяго свету", якія праходзілі ў 2021 г. “З гэтага часу тыя, хто хоча цэлебраваць паводле vetus ordo, павінны прасіць згоды ў Рыме, як гэта адбываецца з бірытуалізмам. Але ёсць маладыя святары, якія ідуць да біскупа прасіць гэтага праз месяц пасля пасвячэння”, - звярнуў увагу ён.

Папа распавёў пра кардынала, да якога прыйшлі два новапрэзбітэры з просьбай аб магчымасці вывучэння лацінскай мовы для добрай цэлебрацыі “трыдэнцкай” Імшы. "А ён, з пачуццём гумару, адказаў: "Але ў дыяцэзіі так шмат лацінаамерыканцаў! Вывучайце іспанскую мову, каб прапаведаваць ім. Тады, калі вы вывучыце іспанскую мову, вярніцеся да мяне. Я скажу вам, што ў дыяцэзіі шмат в'етнамцаў, і я папрашу вас вывучыць в'етнамскую мову. А калі вы вывучыце в’етнамскую мову, я дам вам дазвол на вывучэнне лацінскай мовы”. Такім чынам ён іх “прызямліў”, вярнуў на зямлю. Я іду наперад не таму, што хачу зрабіць рэвалюцыю. Я раблю тое, што лічу патрэбным. Гэта патрабуе шмат цярпення, малітвы і вялікай любові”, - заўважыў Пантыфік.
 

22 верасня 2021, 11:26