Памёр кардынал Хорхэ Уроса: спачуванні Святога Айца
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Святы Айцец скіраваў спачувальную тэлеграму, у якой выказаў блізкасць венесуэльскаму духавенству, вернікам і родным памерлага кардынала, успамінаючы яго як “адданага пастыра, які на працягу многіх гадоў з вернасцю прысвячаў сваё жыццё служэнню Богу і Касцёлу”.
Хорхэ Уроса Савіна нарадзіўся ў 1942 г. у Каракасе. У 1967 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Вучыўся ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. Быў віцэ-рэктарам, а потым рэктарам Духоўнай семінарыі св. Юзафа ў Эль-Аціла, а таксама рэктарам Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Каракасе.
У 1982 г. св. Ян Павел ІІ прызначыў яго дапаможным біскупам Каракаса, а ў 1990 г. – арцыбіскупам Валенсіі ў Венесуэле. У 2005 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў іерарха арцыбіскупам-мітрапалітам Каракаса, а ў 2006 г. надаў яму кардынальскую годнасць.
Кардынал Уроса Савіна быў членам многіх ватыканскіх дыкастэрый, у тым ліку ўваходзіў у склад Рады кардыналаў па вывучэнні арганізацыйных і эканамічных праблем Святога Пасаду. 9 ліпеня 2018 г. папа Францішак прыняў яго адстаўку з пасады арцыбіскупа Каракаса.
Напрыканцы жніўня іерарх быў шпіталізаваны ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі адной з клінік венесуэльскай сталіцы ў сувязі з ускладненнямі, якія ўзніклі ў яго ў выніку заражэння каронавірусам. Незадоўга да смерці кардынал скіраваў пастырскі ліст, у якім прызнаўся, што адчувае сябе “невымерна шчаслівымі” таму што быў святаром. “Я меў шчасце і благаслаўленне, што Бог паклікаў мяне да сваёй службы і даручыў мне высокія абавязкі ў Касцёле, за гэта я ўдзячны Яму сёння”, - напісаў кардынал Уроса Савіна.
Пасля смерці венесуэльскага іерарха Калегія кардыналаў складаецца з 218 членаў, з якіх 121 мае права голасу на канклаве.