Пантыфік анансаваў экуменічнае пасланне аб экалогіі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Сёння мы адзначаем Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння. Ён з’яўляецца пачаткам Часу стварэння, які завершыцца 4 кастрычніка, у свята св. Францішка Асізскага. Яго сёлетняя тэма: Дом для ўсіх? Аднавіць Божы oikos. З Экуменічным Патрыярхам Барталамеем і архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі мы падрыхтавалі пасланне, якое будзе абнародавана ў бліжэйшыя дні. Разам з братамі і сёстрамі розных хрысціянскіх канфесій будзем маліцца і дзейнічаць на карысць нашага супольнага дома ў гэтыя часы цяжкага планетарнага крызісу”, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 1 верасня 2021 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння быў устаноўлены ў Каталіцкім Касцёле ў 2015 г. Ініцыятыва мае экуменічны характар. З 1989 г. яна праводзіцца Праваслаўнымі Цэрквамі.