Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: Марыя вучыць нас чуць голас забытых і бязгучных

Дух Святы заклікае нас прыняць знак суцяшэння і надзеі, які мае імя, твар і сэрца Марыі, - напісаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў 25-га Міжнароднага марыялагічнага і марыйнага кангрэса.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На гэты раз з прычыны пандэмічных абмежаванняў форум праходзіць у віртуальнай форме на тэму: “Марыя паміж тэалогіямі і культурамі сёння. Шаблоны, камунікацыя, перспектывы”. Яго арганізавала Папская міжнародная марыйная акадэмія.

Звяртаючы ўвагу на тое, што мы жывём "у часы Марыі", Францішак заклікаў членаў Акадэміі чытаць знакі часу. Ён падкрэсліў, што таямніца Марыі змяшчае таямніцу ўцелаўлёнага Слова Божага, і нагадаў заклік Бэнэдыкта XVI да тэолагаў, у большай ступені даследаваць адносіны паміж марыялогіяй і тэалогіяй Слова.

Цытуючы свайго папярэдніка, Пантыфік заўважыў, што Марыя “ў Божым слове адчувае сябе як дома, яна выходзіць адсюль і натуральна вяртаецца. Яна гаворыць і думае паводле слова Божага”, “яе думкі гарманіруюць з Божымі думкамі, яе воля злучана з Божай воляй”.

Францішак таксама спаслаўся на народную пабожнасць, якая сілкуецца Божым словам і адначасова натуральна выцякае з Марыі. У ёй выяўляецца “тэалагічны шлях”, які прысутнічае ў пабожнасці хрысціянскіх народаў і асабліва сярод бедных. Папа запэўніў, што гэты шлях з’яўляецца месцам дзеяння Духа Святога і адначасова плёнам інкультурацыі.

Закранаючы тэму Кангрэса, Францішак адзначыў, што радасць, якую мы атрымліваем ад Бога, не дазваляе нам забыцца пра маўклівы крык многіх нашых братоў і сясцёр, якія жывуць у цяжкасцях, абвостраных пандэміяй. Марыя заўсёды вучыць нас чуць голас забытых і бязгучных, - падкрэсліў Пантыфік.
 

09 верасня 2021, 12:40