Папа да езуітаў: блізкасць да Божага народа бароніць ад ідэалогій
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сустрэча працягвалася амаль паўтары гадзіны за зачыненымі дзвярыма. У ёй бралі ўдзел сабраты Францішка з Таварыства Езуса, якія не маглі прысутнічаць на цэлебрацыях з нагоды яго візіту ў Славакію ў сувязі з абавязкам прыёму гасцей у езуіцкім рэкалекцыйным доме.
Размаўляючы пра душпастырства Францішак параіў святарам захоўваць блізкасць з Богам, паміж сабой, з біскупам і Папам, а таксама блізкасць з Божым людам, якая дапамагае не паддавацца “неразумным ідэалогіям”.
Пантыфік лічыць, што перад абліччам пакут Касцёла ў актуальны перыяд узнікае “спакуса вярнуцца назад”. На яго думку, гэта “ідэалогія, якая каланізуе розум людзей”, і якая прысутнічае ў Касцёле толькі ў некаторых краінах. “У свеце, моцна пазначаным залежнасцямі і віртуальнасцю, быццё свабоднымі палохае”, - сказаў Францішак.
“Нам страшна крочыць наперад у душпастырскім досведзе”, - заўважыў Папа, гаворачы пра працу, якая праводзілася падчас Сінода Біскупаў аб сям’і, з мэтай растлумачыць, што “пары, якія жывуць у паўторным саюзе, не з’яўляюцца ўжо асуджанымі на пекла”. “Нам боязна суправаджаць людзей з сексуальнымі адметнасцямі”, - дадаў ён, заклікаючы не шукаць выйсця ў закамянеласці і клерыкалізме, быць уважлівымі да сітуацыі людзей, але не паддавацца ідэалогіі. У прыватнасці Святы Айцец падкрэсліў небяспеку гендэрнай ідэалогіі, якая з’яўляецца “абстрактнай адносна канкрэтнага жыцця асобы”.
Каментуючы крытыку ў свой адрас, Францішак прызнаўся, што ведае пра адну вялікую каталіцкую тэлекампанію, якая пастаянна абгаворвае яго. “Асабіста я магу заслугоўваць на напады і крыўды, бо з’яўляюся грэшнікам”, але “Касцёл не заслугоўвае такога: гэта справа д’ябла”, - сказаў ён. Папа прызнаўся, што нягледзячы на суджэнні, якія выказваюць у яго за спіной прадстаўнікі духавенства, ён будзе ісці наперад “не ўваходзячы ў іх свет ідэй і фантазій”. “Я аддаю перавагу таму, каб прапаведваць”, - сцвердзіў Святы Айцец.