Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі Генеральнага капітула кларэтынцаў Папа падчас сустрэчы з удзельнікамі Генеральнага капітула кларэтынцаў 

Папа да кларэтынцаў: не выкарыстоўвайце Евангелле як ідэалогію

9 верасня 2021 г. Францішак сустрэўся з удзельнікамі Генеральнага капітула Кангрэгацыі Місіянераў-сыноў Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі і даў ім некалькі парад.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Калі хочаце, каб ваша місія была сапраўды плённай, вы не можаце аддзяляць яе ад сузірання і жыцця ў блізкасці з Панам. Калі вы хочаце быць сведкамі, вы не можаце перастаць быць вернікамі”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак нагадаў законнікам, што “не можна жыць духам гэтага свету і рабіць выгляд служэння Богу”. “Жывіце на аснове каштоўнасцей Евангелля. Ніколі не выкарыстоўвайце Евангелле інструментальна, як ідэалогію, а хутчэй як вадэмэкум, увесь час кіруючыся прапановамі Евангелля і гарачым жаданнем "ісці за Езусам і наследаваць яго ў малітве, у цяжкай працы, ... і ў пастаянным пошуку выключна Божай хвалы і збаўлення душ”, - звярнуў увагу Папа, спасылаючыся на словы заснавальніка кларэтынцаў.

Менавіта такі падыход, перакананы Францішак, дасць законнікам тую смеласць у місіі, якую мелі айцец Кларэт і першыя місіянеры, што далучыліся да яго. Ён заклікаў кларэтынцаў “ісці туды, куды ніхто не хоча, дзе патрэбна святло Евангелля і праца сярод людзей”.

“Кансэкраванае жыццё патрабуе дзёрзкасці, а таксама сталых людзей, якія супрацьстаяць старэнню жыцця, і маладых, якія супрацьстаяць старэнню душы”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

09 верасня 2021, 13:11