Святы Айцец да моладзі: споведзь – сакрамэнт радасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Сябры, не будзе баналізаваць любоў, бо гэта не толькі эмоцыя ці пачуцце, яны бываюць толькі на пачатку. Любоў не значыць мець “усе і адразу”, не адпавядае логіцы “выкарыстай і выкінь”. Любоў – гэта вернасць, дар, адказнасць”, - падкрэсліў Пантыфік у сваёй прамове. Папа нагадаў моладзі, што для таго, каб зрабіць жыццё вялікім, патрэбныя любоў і гераізм, якія можна знайсці ва ўкрыжаваным Хрысце.
Святы Айцец заклікаў памятаць, што кожны чалавек выключны, кожны з’яўляецца дарам і можа зрабіць дар з уласнага жыцця. “Іншыя людзі, грамадства, бедныя вас чакаюць”, - сказаў ён, заклікаючы моладзь пераадолець страх перад стварэннем сям’і, нараджэннем і выхаваннем дзяцей, дзяленнем усім з іншай асобай.
Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат памятаць пра свае карані і быць “падлучанымі да жыцця”, заўсёды адкрытымі на іншых, не паддавацца смутку і песімізму. “Мы былі створаны не для таго, каб хадзіць з паніклым тварам, але, каб уздымаць позірк да Неба”, - нагадаў ён.
Перад абліччам падзенняў і слабасцяў Папа параіў прыступаць да сакрамэнту споведзі, на падабенства дзяцей, “што спяшаюцца трапіць у абдымкі Айца”, які можа вырашыць усе сітуацыі і прабачае ўсе грахі. Францішак назваў споведзь “сакрамэнтам радасці”, якую важна захоўваць у сэрцы.
Святы Айцец заклікаў моладзь не баяцца крыжа ў жыцці, а пераадольваць цяжкія сітуацыі разам з Хрыстом, якія з’яўляецца крыніцай надзеі і радасці. “Я жадаю вам такой радасці, мацнейшай за ўсё. Жадаю, каб вы неслі яе вашым сябрам. Не пропаведзі, а радасць. Не словы, а ўсмешкі, братэрскую блізкасць”, - сказаў Францішак на заканчэнне сустрэчы.