Падчас малітвы Анёл Панскі на плошчы св. Пятра Падчас малітвы Анёл Панскі на плошчы св. Пятра 

Папа павіншаваў яўрэяў і папрасіў дапамагчы афганскім бежанцам

5 верасня 2021 г., пасля малітвы Анёл Панскі Францішак скіраваў некалькі просьбаў да вернікаў і пілігрымаў, сабраных на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа нагадаў пра ўчарашнюю беатыфікацыю а. Мамэрта Эскіў, якая адбылася ў Сан-Хасэ-дэ-П'едра-Бланка, у аргентынскай правінцыі Катамарка. Гэты францішканін і біскуп праславіўся ў XIX ст. як прапаведнік, яго паважалі не толькі ў касцёльным асяроддзі, але і ў палітычных колах за важны ўклад у фарміраванне сучаснай аргентынскай дзяржавы.

Пантыфік заклікаў маліцца за афганцаў, якія шукаюць падтрымкі і прытулку за мяжой. Ён папрасіў дапамагчы перасяленцам, студэнтам і ўсім грамадзянам гэтай азіяцкай краіны.

Францішак таксама папрасіў малітвы за жыхароў ЗША, якія пацярпелі ад ураганаў, і павіншаваў яўрэяў са святамі Рош Ха-Шана, Ём-Кіпур і Сукот.

Папа нагадаў, што ў наступную нядзелю, 12 верасня 2021 г., ён паедзе спачатку ў Будапешт, каб завяршыць 52-гі Міжнародны эўхарыстычны кангрэс, а потым – у Славакію. "Прашу малітвы за маё падарожжа ў Будапешт і Славакію. Гэта будуць дні малітвы ў самым сэрцы Еўропы", - сказаў ён, узгадаўшы сведчанне пераследаваных і мучанікаў за веру ў гэтым рэгіёне.
 

05 верасня 2021, 13:06