Францішак падчас сустрэчы з прэм'ерам Славакіі Эдуардам Хегерам Францішак падчас сустрэчы з прэм'ерам Славакіі Эдуардам Хегерам 

Браціслава: Папа сустрэўся з прэм'ерам і спікерам парламента

13 верасня 2021 г. вечарам Папа сустрэўся з прэм'ерам Славакіі Эдуардам Хегерам і старшынёй Нацыянальнага савета Барысам Коларам і іх сем'ямі, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэм'ер-міністр Хегер прызнаўся, што гэта была "шчырая сустрэча". Ён высока ацаніў гуманістычны падыход Францішка. Палітык уручыў Пантыфіку вельмі асабістыя падарункі. "Нашы дзве дачкі самі зрабілі мыла для Папы, а сын уручыў яму самаробную паштоўку з крыжам", - паведаміў ён. Хегер бацька дзесяці дзяцей.

Спікер парламента пасля сустрэчы са Святым Айцом сказаў, што ён "вельмі прагрэсіўны", як і яго думкі і меркаванні. Паводле слоў Колара, Папа "рухаецца ў нагу з часам". Ён дадаў, што Францішак таксама благаславіў устаноўку ў Браціслаўскім замку помніка святым Кірылу і Мятоду. Кіраўнік парламента хоча зрабіць гэта ў супрацоўніцтве з Канферэнцыяй Біскупаў Славакіі.

Раней з прэм'ер-міністрам Хегерам сустрэліся тры вядучыя прадстаўнікі ватыканскага Дзяржаўнага сакратарыяту. Як паведаміў Матэа Бруні, на сустрэчы, якая адбылася 13 верасня ў другой палове дня ў будынку ўрада Славацкай Рэспублікі, прысутнічалі кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, і арцыбіскуп Эдгар Пэна Пара, Субстытут.
 

14 верасня 2021, 11:01