Папа падчас сустрэчы з бежанцамі і бяздомнымі Папа падчас сустрэчы з бежанцамі і бяздомнымі 

Святы Айцец сустрэўся з бяздомнымі і бежанцамі

7 верасня 2021 г. увечары Францішак сустрэўся ў фае Залы Паўла VI з групай бяздомных і бежанцаў. Сярод ста чалавек былі і мігранты з Афганістана, якія нядаўна прыбылі ў Італію.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасля паказу дакументальнага фільма Francesco, арганізаванага рэжысёрам і Фондам Laudato si', Святы Айцец прыйшоў у імправізаваны кіназал, каб сустрэцца і паразмаўляць з запрошанымі.

Асабліва кранальнай стала сустрэча з афганскімі бежанцамі. Сярод іх былі чатыры браты і сёстры ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў, якія прыбылі ў Італію пры падтрымцы Супольнасці св. Эгідзія. Давераныя апецы дзядзькі, які міграваў некалькі гадоў таму, яны былі вымушаныя пакінуць у іранскім лагеры для ўцекачоў сваіх бацькоў. Бісмілах, старэйшы з чатырох, распавёў Vatican News, наколькі важна адчуваць сябе прынятым і выслуханым. Хлопец прызнаўся, што сустрэча з Папам дала ім новую надзею на будучыню.

Удзельнікі правялі Святога Айца да машыны, а калі ён адправіўся ў Дом св. Марты, арганізатары ўручылі ім пасылкі з прадуктамі.
 

07 верасня 2021, 11:35