Пошук

Анёл Панскі: Слова Божае трэба паўтараць, засвойваць і берагчы

“Найвялікшая запаведзь” павінна адбіцца ў нас, засвоіцца і стаць голасам нашага сумлення”, - сказаў Святы Айцец 31 кастрычніка 2021 г. у Ватыкане падчас разважання перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на фрагмент Евангелля ХХXI Звычайнай нядзелі (Мк 12, 28б-34), у якім Збаўца кажа пра запаведзь любові: “Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй. Любі бліжняга твайго, як самога сябе”.

Спасылаючыся на тое, што кніжнік па сутнасці паўтарае словы Езуса, Францішак падкрэсліў, што Слова Божае трэба паўтараць, засвойваць, берагчы і разважаць. Яно павінна адгукнуцца ў сэрцы.

Святы Айцец падкрэсліў, што Бог шукае не столькі таленавітых каментатараў Святога Пісання, колькі сэрцаў, якія разумеюць, якія, прымаючы Яго Слова, дазваляюць унутрана перамяняцца. Ён заахвоціў вернікаў, як неаднаразова раней, заўсёды мець пры сабе Евангелле і разважаць над ім.

“Калі мы робім гэта, Езус, Слова Айца, уваходзіць у нашыя сэрцы, Ён становіцца блізкім да нас, і мы прыносім плён у Ім”, - сказаў Папа, дадаўшы, што такім чынам кожны з хрысціян можа стаць жывым “перакладам” Словы любові, якое дае нам Бог.

Францішак заахвоціў задумацца, ці сапраўды запаведзь любові да Бога і бліжняга кіруе нашым жыццём? “Варта сёння ўвечары, перад тым як легчы спаць, зрабіць рахунак сумлення на аснове гэтага Слова, каб даведацца, ці любілі мы сёння Пана і ці прапанавалі мы дабро тым, з кім сустракаліся, ці імкнуліся, каб кожная сустрэча несла крыху дабрыні, любові, якая прыходзіць з гэтым Словам”, - прапанаваў ён.

“Няхай Панна Марыя, у якой Слова Божае стала целам, навучыць нас прымаць жывыя словы Евангелля ў свае сэрцы”, - пажадаў Папа на заканчэнне свайго разважання.
 

31 кастрычніка 2021, 12:29

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >